Першы прарэктар БНТУ: “Грошы за пераздачу бралі і будзем браць”

Першы прарэктар БНТУ: “Грошы за пераздачу бралі і будзем браць”

Інфармацыя пра тое, што ў БНТУ вырашылі не браць за студэнтаў грошы за пераздачу іспытаў і экзаменаў не адпавядае рэчаіснасці. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё заявіў першы прарэктар Беларускага Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Георгій Вяршына.

Георгій Вяршына: “Ёсць Кодэкс адукацыі, ёсць стандартныя дамовы, якія падпісалі ўсе студэнты. І там ёсць такі сказ: “За акадэмічную запазычанасць”. І не за пераздачу, а за акадэмічную запазычанасць бяруцца грошы. Ну, вось калі студэнт не прыйшоў на залік, выкладчык яму паставіў “не з’явіўся”, а заўтра дэкан высвятляе, што студэнт хварэў, у яго былі сямейныя абставіны і гэтак далей, то гэта не лічыцца акадэмічнай запазычанасцю. І ён спакойна, без ніякіх грошай ідзе і здае той залік. А вось калі студэнт на заняткі не хадзіў, прыйшоў і выкладчык яму паставіў “незалік” — гэта акадэмічная запазычанасць, і ён будзе плаціць”.

Сёння ў прафкаме ўніверсітэта Еўрарадыё паведамілі, што БНТУ з 2016 года адмяняе платныя пераздачы. Маўляў, “у краіне цяжкае эканамічнае становішча, стыпендыя невялікая, і платныя пераздачы будуць яшчэ адной нагрузкай на студэнтаў”.

Па словах першага прарэктара БНТУ, грошы за “пагашэнне акадэмічнай запазычанасці” яны бяруць са студэнтаў ужо гадоў 10 і адмаўляцца ад гэтай практыкі не збіраюцца. Бо закранае гэта, кажа Вяршына, выключна прагульшчыкаў і гультаёў, якія не жадаюць вучыцца: “Сістэма ў Беларусі 10-бальная. І для таго, каб атрымаць “тройку” альбо “незалік”, трэба ўвогуле нічога не ведаць. Ніколі не чытаць ні канспектаў, ні літаратуру, не слухаць выкладчыка!”

Але калі падрыхтавацца да іспыту не здолеў нейкі актывіст, што шмат часу траціў на “дзяжурства па інтэрнаце, спартовыя спаборніцтвы і канцэрты – праслаўляў БНТУ”, то ён можа пераздаць і бясплатна. Для гэтага дастаткова напісаць заяву на імя дэкана з пералікам сваіх заслуг. Дэкан сумесна з “грамадскімі арганізацыямі” заяву разгледзяць і, калі знойдуць падставы для адсутнасці ведаў па прадмеце сур’ёзнымі, — дадуць магчымасць пераздаць бясплатна.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі