Вы тут

Першая дэвальвацыя і чароўны трусік: якой была Беларусь у папярэдні перапіс

Юра Дземідовіч, фота: belarus.by  

З 4 да 30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Ён праводзіцца раз на дзесяць гадоў — папярэдні такі перапіс прайшоў у 2009 годзе. Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, якой Беларусь была 10 гадоў таму, каб было з чым параўноўваць новыя звесткі ад сацыёлагаў. Такім чынам, год 2009-ы. Падзеі, людзі, з'явы. Тое, без чаго нас немагчыма ўявіць, яшчэ цяжэй — зразумець. 

Дэвальвацыя

intex-press.by

Год пачаўся для беларусаў не з самага прыемнага "падарунка": 2 студзеня Нацбанк дэвальваваў рубель на 20,5%. Усяго за суткі долар з 2200 "старых" рублёў вырас да 2650. Адны пабеглі да абменных пунктаў скупляць долары, іншыя — у крамы змятаць тэхніку, на якую аператыўна не паспелі падняць кошт.

Да канца года курс долара склаў 2850 рублёў.

Са звестак перапісу:
 

Праца з'яўляецца асноўнай крыніцай сродкаў да існавання для 45% жыхароў Беларусі. Таксама ў якасці асноўных крыніц даходу ў ходзе перапісу насельніцтва беларусы назвалі:
— стыпендыя, пенсія, дапамога, іншы від дзяржаўнага забеспячэння — 27% жыхароў Беларусі;
— знаходзяцца на ўтрыманні — 23% насельніцтва краіны;
— іншыя крыніцы папаўнення бюджэту — 5% жыхароў.
З агульнай колькасці насельніцтва краіны адну крыніцу сродкаў існавання паказалі 8 201 000 чалавек (86%), дзве крыніцы — 1 090 000 чалавек (11%).

Коля з татам сустрэліся з Папам

kp.by

У красавіку Аляксандр Лукашэнка з чатырохгадовым сынам Мікалаем наведаў у Ватыкане Папу Рымскага Бенедыкта 16-га. Пасля заканчэння сустрэчы кіраўнік Беларусі і пантыфік абмяняліся падарункамі. Папа ўручыў сувенірную манету, у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка паднёс у якасці падарунка ікону беларускага майстра. А Коля Лукашэнка падарыў пантыфіку буквар.

Жарт пра Колю і буквар у перадачы "Пражэктарпэрысхілтан" на Першым канале каштаваў Урганту, Марцірасяну, Светлакову і Цэкалу адмененага канцэрта ў Мінску.

    

 

Са звестак перапісу: 

На 1000 хатніх гаспадарак прыходзіцца 13 сем'яў, у якіх бацька самастойна выхоўвае дзяцей. 

Лукашэнка з Колем на матацыкле без шлема

БелТА

У чэрвені пад Мінскам праходзіў міжнародны байк-фестываль. Калону матацыклістаў узначаліў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем на матацыкле "Харлей-Дэвідсан". Падлічыце колькасць парушэнняў ПДР на фота, іранізавалі ў інтэрнэце.

Са звестак перапісу: 

У Беларусі пражывае 9 503 807 чалавек. У 1999 годзе насельніцтва рэспублікі складала 10 045 237 чалавек. За дзесяць гадоў насельніцтва зменшылася на 541 430 чалавек. 

“Малочная вайна” з Расіяй

У чэрвені Расспажыўнагляд забараніў увоз каля 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі. Абмежаванні прыйшліся на рэзкае пагаршэнне адносін паміж дзвюма краінамі, але растлумачылі іх новымі патрабаваннямі да "малочкі".

Аляксандр Лукашэнка тады агучыў іншую прычыну. Маўляў, расійскія бізнесмены хочуць скупіць малаказаводы ў Беларусі. Вось і выкручваюць нам рукі:

"Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не прадасце заводы. І гэта на ўзроўні ўрада".

Пасля амаль двух тыдняў баталій на палях "малочнай вайны" Лукашэнка прыгразіў вярнуць мытні на расійска-беларускую мяжу. У выніку было абвешчана аб "канчатковай дамоўленасці бакоў адносна паставак беларускай малочнай прадукцыі". Але мы ж ведаем, што гэта была далёка не апошняя гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Расіяй.

Крэдыт ад МВФ

З 1992 года, калі Беларусь ўступіла ў Міжнародны валютны фонд, мы не атрымлівалі ад гэтай арганізацыі вялікіх крэдытаў. Але ў 2009 годзе сітуацыя змянілася. Урад атрымаў 3,5 млрд долараў па праграме "стэнд-бай".

Не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму крэдыту сярэдняя зарплата ў снежні 2010 года пераваліла за запаветныя $500. Што было з эканомікай краіны потым — лепш не ўспамінаць.

У 2015 годзе Беларусь разлічылася з МВФ па гэтым крэдыце. Тады ж улады загаварылі аб падпісанні новай крэдытнай праграмы для нашай краіны. Аднак Міжнародны валютны фонд высоўвае шэраг умоў, на якія кіраўніцтва Беларусі ісці не хоча. Новага крэдыту няма да гэтага часу.

Са звестак перапісу:

З 2005 да 2009 года па добрае жыццё ў Беларусь пераехала 39 252 чалавекі. Больш за палову з іх — з Расіі.
З папярэдняга перапісу істотна вырасла насельніцтва Мінска. Калі ў 1999 годзе ў сталіцы жыло 1 680 567 чалавек, то ў 2009 годзе — 1 836 808 чалавек, з якіх 843 776 мужчын і 993 032 жанчыны.
Узровень беспрацоўя ў Беларусі ў 2009 годзе — 4,6%.

Перамога беларуса на Еўрабачанні 

Аляксандр Рыбак, belarus.by

Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне" прадставіў Пётр Ялфімаў. У паўфінале наш артыст заняў 13-е месца, хоць, па яго ўласных словах, "праспяваў а***цельна".

Перамогу ж атрымаў Аляксандр Рыбак — 23-гадовы ўраджэнец Мінска, які выступаў за Нарвегію. Яшчэ ў пачатку конкурсу выканаўца заявіў, што калі пераможа, то палова гэтай перамогі будзе належаць Беларусі.

Дарэчы, тады ўпершыню беларускія тэлегледачы аддалі 12 балаў не Расіі, а іншай краіне — Нарвегіі.

 

Чароўны трусік

На нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне" 12-гадовы Юрый Дземідовіч выканаў песню "Чароўны трусік" — і на наступны дзень прачнуўся знакамітым. Загадкавы тэкст на псеўдалатыні, дзіўныя рухі як выканаўцы, так і падтанцоўкі... Ролік імгненна стаў вірусным. У інтэрнэце жартавалі, што хлопчык спрабуе выклікаць д'ябла, а радок "Чароўны трусік малюе крэйдай нулік" — не што іншае, як намёк на круг, які выкарыстоўваецца ў акультных рытуалах.

5 кастрычніка на стадыёне "Дынама" ў Мінску прайшоў канцэрт гурта The Prodigy. На разагрэве брытанскіх электроншчыкаў планаваўся выступ Юры Дземідовіча, але камандзе выканаўцы прыйшлося ад яго адмовіцца. Па ўмовах Еўрабачання ўдзельнікам забараняецца прымаць удзел у камерцыйных праектах.

Аднак папулярнасць у рускамоўным сегменце інтэрнэту не дапамагла Юру ў Кіеве, дзе ў лістападзе праходзіла дзіцячае "Еўрабачанне". Дземідовіч на конкурсе заняў толькі 9-е месца.

Са звестак перапісу:

Жанчын з вышэйшай адукацыяй у Беларусі больш, чым мужчын. Дыплом аб вышэйшай адукацыі ёсць у 199 жанчын з тысячы і толькі ў 176 мужчын.
Беларусаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, няспынна становіцца больш аж з 1959 года.
Людзей, старэйшых за 10 гадоў, якія не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, у Беларусі ў 2009 годзе было 30 905. 

Першы беларускамоўны міністр

bolshoi.by

У чэрвені Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Пасаду міністра культуры заняў 36-гадовы Павел Латушка, які да гэтага быў паслом Беларусі ў Польшчы. Павел Латушка аўтаматычна стаў першым беларускамоўным міністрам Беларусі. Аднак Мінкульт ён узначальваў усяго 3 гады — да 2012-га. Пазней яго адправілі паслом спачатку ў Францыю, а потым у Іспанію. У 2019-м Латушка прызначаны дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Са звестак перапісу:

Беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны (5 млн 58 тысяч чалавек). Аднак дома на ёй размаўляла толькі 30% насельніцтва.

Еўрарадыё атрымала акрэдытацыю

11 лістапада Еўрарадыё ўпершыню атрымала дазвол на адкрыццё ў Беларусі карэспандэнцкага пункта тэрмінам на год. А ўжо 30 лістапада Міністэрства замежных спраў Беларусі акрэдытавала 12 журналістаў і тэхнічных работнікаў нашай рэдакцыі. Карэспандэнты Еўрарадыё атрымалі магчымасць афіцыйна працаваць у Беларусі.