Пераможца літконкурсу папрасіў Чаргінца гаварыць на цырымоніі па-беларуску

Пераможца літконкурсу папрасіў Чаргінца гаварыць на цырымоніі па-беларуску

На ўручэнні прэміі афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі "Скарынавай душой узлашчанае слова" адбылося скандальнае здарэнне. Малады літаратар Антось Уласенка быў адзначаны прэміяй, узнагароджвалі яго старшыня СПБ Мікалай Чаргінец і яго намеснік Анатоль Крэйдзіч.

Як піша ў Фэйсбуку Віталь Грынь, пераможца конкурсу папрасіў Чаргінца гаварыць па-беларуску, спаслаўшыся на тое, што і аўтар, і кніга беларускамоўныя.

У адказ Чаргінец абвінаваціў юнака ў вузкім светаглядзе. 

У каментары nn.by Мікалай Чаргінец назваў Уласенку правакатарам. "Ён мне заяўляе: "Не хачу ціснуць вам руку, бо вы гаворыце на акупацыйнай мове". Але перад ім жа выступаў і мой намеснік, з якім мы дамовіліся, што ён будзе казаць па-беларуску", — патлумачыў старшыня літаратурнага аб'яднання.

"Ён гэтым хваліцца, што з вёскі, дзе мова захавалася. Ён сабе ачкі набірае, што ён "змагар". Не трэба гэтага! То некаторыя думаюць: уключальнік шчоўкнуў ў галаве — і ўсе загаварылі. Не будзе так. Трэба прыцягваць увагу да курсаў беларускай мовы, праводзіць тлумачальную работу, што мы сваю мову маем ведаць лепш за рускую. Але не трэба прыніжаць тых, хто спрычыніўся да таго, каб гэты сучы сын хаця б меў магчымасць вывучаць і гаварыць на мове, і хлеб еў нармальны", — заявіў Чаргінец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі