Павел Латушка "не ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы"

Новы міністр культуры Беларусі Павел Латушка "не ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы". Аб гэтым ён заявіў, калі адказваў на пытанні дэлегатаў V з'езда беларусаў свету, які праходзіць 18—19 ліпеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

Латушка быў прызначаны на пасаду міністра культуры 4 чэрвеня ўказам прэзідэнта. Дагэтуль ён займаў пасаду пасла Беларусі ў Польшчы.
"У асноўным у Міністэрстве культуры мы будзем весці справаводства на беларускай мове і, такім чынам, пастараемся падаваць прыклад астатнім міністэрствам і ведамствам", — сказаў Латушка.

Пры гэтым ён заявіў, што не лічыць магчымым наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай цяпер. "Гэта пытанне не рэвалюцыйнае. Мы павінны паступова прыходзіць да таго, каб беларуская мова стала асноўнай мовай зносінаў. Загадам такія пытанні не вырашаюцца", — перакананы міністр.

У сустрэчы дэлегатаў з'езда беларусаў свету з прадстаўнікамі дзяржструктур, акрамя Паўла Латушкі, бяруць удзел упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, дэпутаты парламента.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі