“Пасля перасадкі сэрца і лёгкіх нам не даюць прагнозаў на будучыню”

“Пасля перасадкі сэрца і лёгкіх нам не даюць прагнозаў на будучыню”

У РНПЦ “Кардыялогія” паведамілі пра ўнікальную для Беларусі аперацыю. 2 лістапада мужчыне адначасова перасадзілі сэрца і лёгкія.

Аляксею Лабзову ў сераду 16 лістапада споўнілася 33 гады. Мужчына жыве ў пасёлку Багушэўск Віцебскай вобласці. 

“Звычайны хлопец. Там і блізка няма ніякіх сувязяў. Дастаткова прыехаць і пабачыць, чым дыхае наш пасёлак. З бацькам Аляксей даўно не жыў, яго маці памерла. Ёсць два браты. Працаваў у саўгасе на пілараме. А потым яму далі непрацоўную групу”, – расказвае пра Аляксея яго сябар і сусед Уладзімір.

У Лабзова ёсць жонка і сямігадовая дачка. Пра парок сэрца мужчына даведаўся некалькі гадоў таму. Аляксею аформілі трэцюю групу інваліднасці.

Пасля гэтага ён мог працаваць толькі вартаўніком. А сёлета ў сакавіку яму аформілі другую групу інваліднасці. Ніякую аперацыю на сэрцы рабіць не браліся”, – апавядае Ганна, жонка Аляксея Лабзова.

Еўрарадыё: Дык а чаму патрэбна была адначасовая перасадка сэрца і лёгкіх?

Ганна: Мы шмат ездзілі па ўрачах, нам прапаноўвалі розныя аперацыі, а потым высветлілі гіпертэнзію. З-за гэтага нельга было рабіць ні шунціраванне, ні перасадку сэрца. Але ў сакавіку ў віцебскай кардыялогіі яму сказалі, што мяняецца час і тэхналогіі. І прапанавалі чакаць донара, рабіць двайную аперацыю.

“Пасля перасадкі сэрца і лёгкіх нам не даюць прагнозаў на будучыню”
Фота са старонкі ў сацсетках Аляксея Лабзова

Еўрарадыё: Вам сказалі, што муж будзе першым?

Ганна: Я гэтага не ведала. Магчыма, муж ад мяне гэту інфармацыю схаваў. Раней яму было цяжка перамяшчацца на далёкія дыстанцыі. Але ён не скардзіўся, толькі па яго стане бачыла, што яму не вельмі добра.

Еўрарадыё: Ці ведаеце вы, хто стаў донарам Аляксея?

Ганна: Мне гэта таксама не вядома. Пытанне ўрачу не задавала, таму што  перажывала за самога Алёшу. З часам хацелася б даведацца, хто быў донарам.

Еўрарадыё: Як сябе адчувае муж?

Ганна: На дадзены момант яму лепш, паступова ўзнаўляецца. Зразумела, нешта недзе баліць, але на ўсё патрэбен час, рэабілітацыя. Ён ужо і жартуе часам, і рухаецца някепска. Аднак ніякіх прагнозаў на будучыню зараз не даецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі