Вы тут

Пасля 27 гадоў шлюбу Біл Гейтс разводзіцца

Біл Гейтс і яго жонка Мелінда / Reuters

Заснавальнік амерыканскай карпарацыі Microsoft Біл Гейтс і яго жонка Мелінда вырашылі развесціся. Аб сваім рашэнне пара паведаміла праз сацыяльныя сеткі.

"Пасля працяглых разважанняў і вялікай працы над нашымі адносінамі мы прынялі рашэнне скасаваць шлюб", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Гейтса ў Twitter.

Муж і жонка паведамілі, што не бачаць перспектыў далейшага росту "ў якасці пары". Але пры гэтым яны будуць разам працаваць у дабрачынным фондзе. Фонд Гейтсаў займаецца барацьбой з небяспечнымі хваробамі ў краінах, якія развіваюцца, а таксама падтрымлівае праграмы ў сферы аховы здароўя і адукацыі ў ЗША.

Пара пражыла ў шлюбе 27 гадоў. У іх трое дзяцей.

"За 27 гадоў мы выгадавалі трох цудоўных дзяцей і стварылі фонд, які дапамагае людзям па ўсім свеце, каб жыць здаровым і прадуктыўным жыццём", — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Фінансавы бок разводу Гейтс з жонкай не раскрываюць. Варта адзначыць, што заснавальнік Microsoft у цяперашні час займае чацвёртае месца ў спісе найбагацейшых людзей свету па версіі часопіса Forbes ($ 130,5 млрд). Мелінда Гейтс у 2020 годзе па версіі Forbes займала пятае месца ў спісе самых уплывовых жанчын свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.