Парыж — лепшы ў свеце горад для студэнтаў, Мінск у топ-50 не трапіў

Паводле новага рэйтынга QS Best Student Cities, самым лепшым у свеце горадам для студэнтаў з’яўляецца Парыж. Прычым ужо другі год запар.

“Нягледзячы на тое, што Парыж надзвычай дарагое месца для жыцця, гэта ўраўнаважваецца адносна нізкімі выдаткамі на адукацыю, высокай якасцю жыцця і квітнеючай студэнцкай супольнасцю”, — гаворыцца ў дакладзе Quacquarelli Symonds (QS).

Да таго, на думку стваральнікаў рэйтынга, выпускнікі парыжскіх ВНУ з’яўляюцца мэтай і мішэнню як сярод мясцовых, так і сярод замежных працадаўцаў. Парыж прадстаўлены 17 універсітэтамі ў іншым рэйтынгу QS, які датычыцца ўзроўню навучальных устаноў. Лондан жа мае ў гэтым спісе 18 універаў, але па зручнасці для студэнтаў усё роўна займае толькі другое месца.

QS дае характарыстыку брытанскай сталіцы:

“Лондан мае меншыя паказчыкі па якасці жыцця ў параўнанні з іншымі гарадамі першай пяцёркі. Але, нягледзячы на гэта, Лондан адзін з самых папулярных студэнцкіх гарадоў свету, які прапануе ўражлівы спектр вядучых сусветных адукацыйных устаноў у межах жывога цэнтра культуры, начнога жыцця і міжнароднай разнастайнасці”.

Хіба, Лондан падводзяць даволі немалыя кошты на адукацыю.

Акрамя Лондана і Парыжа, у топ-50 студэнцкіх месцаў трапілі яшчэ 19 еўрапейскіх гарадоў. Адны з найбольш паспяховых — Цюрых, Мюнхен, Берлін. Нават Масква ёсць — на 38-м месцы, але Мінска няма (падчас складання рэйтынга разглядаюцца гарады з насельніцтвам больш за 250 тысяч чалавек, якія маюць як мінімум два універсітэты ў рэйтынгу QS World University).

Калі ж казаць пра Лондан і Парыж, то супрацьстаянне дзвюх сталіц у рэйтынгах ужо становіцца традыцыйным і выходзіць за межы адукацыі. Нядаўна Лондан аб’явілі лепшым горадам у свеце. У той час Парыж, які быў лепшым у мінулым рэйтынгу, два гады таму, “скаціўся” на трэцяе месца, апынуўшыся ніжэй за Лондан і Сіднэй. Галоўная бяда французскай сталіцы — непрыязнасць людзей і бяспека на вуліцах. А таксама эканамічны спад, які назіраецца ў апошнія гады.

Але не ўсе ў Францыі хочуць мірыцца з тым, што іх сталіца горшая за брытанскую. Выданне The Local нават апублікавала артыкул, у якім пералічваецца 10 прычын, чаму Парыж лепшы за Лондан. Сярод іншага называюцца зручны шопінг, добрае метро і прыгожыя людзі.

Цікава, што абодва гарады спрачаліся і ў праве на правядзенне Алімпіяды-2020. Але цяпер вядома, што яна пройдзе ў Токіа. 

Фота: shedexpedition.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі