Вы тут

Папа Рымскі і прэзідэнт Германіі — пра ролю Беларусі ў міграцыйным крызісе

Франк-Вальтэр Штайнмаер і Папа Францішак / Reuters

Папа Рымскі Францішак і прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер гаварылі пра ролю Беларусі ў міграцыйным крызісе. Адбылося гэта 25 кастрычніка ў Ватыкане. Як паведамляе vaticannews.va, тэму ўзняў Штайнмаер, паколькі для яго краіны яна актуальная — тысячы мігрантаў з Беларусі прабіраюцца праз Польшчу ў Германію. Папа Францішак пачаў распытваць пра сітуацыю.

"Я расказаў яму ўсё, што нам вядома пра бягучае становішча спраў, — кажа прэзідэнт Германіі. — Мы абодва пагадзіліся, што практыка, падобная да той, якую цяпер выкарыстоўваюць улады Беларусі, без якой-небудзь адказнасці за людзей, якіх любымі спосабамі забіраюць з Блізкага Усходу, дастаўляюць самалётамі ў Мінск, а потым адпраўляюць у бок межаў [з краінамі ЕС], з’яўляецца безадказнымі паводзінамі, якія ні ў якім разе нельга ўхваліць".

А пакуль у Польшчы затрымліваюць аўтамабілі, на якіх у Германію вязуць дзясяткі мігрантаў з Ірака і іншых краін, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.