Памёр пісьменнік Васіль Якавенка

Памёр пісьменнік Васіль Якавенка

22 студзеня памёр беларускі пісьменнік Васіль Якавенка. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі

Васіль Якавенка нарадзіўся 5 траўня 1936 году ў вёсцы Пажыхар Светлагорскага раёна Гомельшчыны. Скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг, пазней — БДУ. 

У СМІ ён друкаваўся з 1957 года. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у часопісе "Полымя", быў сакратаром праўлення Саюзу кінематаграфістаў БССР. З 1990 года ўзначальваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль". З 1977 года Васіль Якавенка быў сябрам Саюза пісьменнікаў.

У 1980-я гады ён актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекту абвалавання і выпроствання рэчышча Прыпяці. У выніку праект меліярацыі быў скасаваны.

Таксама Якавенка быў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці". У 2007 годзе рэдагаваў грамадскі бюлетэнь "Рэха ГУЛАГу", нагадвае Радыё "Свабода".

У 1994 годзе Якавенка стаў лаўрэатам альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Нансэна, а ў 2016-м — узнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Яго аўтарству належаць кнігі "Крушэнне на ростані", "Прывіды Шанхая над Свіслаччу", гістарычны раман "Надлом", трылогія "Пакутны век".

Калі старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец заявіў, што Якавенка ўслаўляе фашызм, творца падаў на Чаргінца ў суд. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі