Палова шлюбных дамоваў у Беларусі заключаецца перад разводам

Мінчукі прапісваюць у шлюбных дамовах нават грашовыя штрафы за здраду. Аднак не ўсе дамовы прызнаюцца сапраўднымі. Мінчукі заключаюць усё больш шлюбных кантрактаў. У параўнанні з пазамінулым годам іх колькасць павялічылася ў тры разы. Сяргей Аляксееў, старшы дзяржаўны натарыус першай мінскай дзяржаўнай натарыяльнай канторы, кажа, што шлюбныя дамовы сталі сродкам пазбегнуць судовых выдаткаў пры разводзе.

Сяргей Аляксееў: “Так, ёсць такая тэндэнцыя, сапраўды. Менавіта напярэдадні разводу, бо тады ўстае пытанне аб раздзеле маёмасці. І шлюбная дамова акурат дастаткова зручная форма для таго, каб дабравольна азначыць лёс маёмасці пасля скасавання шлюбу і, адпаведна, пазбегнуць вялікіх судовых выдаткаў. Дастаткова вялікі адсотак шлюбных дамоў звязаны менавіта з надыходзячым разводам. Калі па маіх ацэнках, гэта нават адсоткаў 50”.

Паводле статыстыкі, маладыя заключаюць шлюбныя дамовы вельмі рэдка. Часцей гэта робяць сем’і, якія доўга жывуць разам і маюць агульну маёмасць.

Сяргей Аляксееў: “У асноўным заключаюць тыя, у каго ўжо ёсць нейкая маёмасць. Гэта бізнэс, ці доля ўдзелу ў гаспадарчых таварыствах, акцыі, уласнасць ва унітарным прадпрыемстве. Альбо проста нейкая нерухомасць, напрыклад, аўтамабіль. То бок у асноўным гэта вырашаюцца пытанні лёсу рэчаў. Шлюбнай дамовай, дарэчы, можна вызначыць і лёс тых рэчаў, якія нажытыя ў шлюбе”.

Гэта, канешне, пытанні, звязаныя з маёмасцю, а яшчэ ёсць і немаёмасныя. Напрыклад, абавязкі па забеспячэнні пасля скасавання дамовы, абавязкі, якія тычацца дзяцей. Ці нават штраф за здраду!

Сяргей Аляксееў: "З незвычайных бываюць сітуацыі, калі, напрыклад, муж абавязуецца забячпечыць жонку ў выпадку скасавання дамовы шляхам выплаты нейкіх вельмі вялікіх кампенсацый. Ці ў выпадку здрады могуць прадугледжваць нейкія штрафы, ну, грашовыя кампенсацыі”.

Еўрарадыё: Муж і жонка плацяць кампенсацыі адзін аднаму?

Сяргей Аляксееў: “Ну, так. Тут жа ёсць... прастора для творчасці”.

Атрымліваецца, што нават здраду можна ўзаконіць і ацаніць у грашах. Але ёсць і такія дамовы, якія рызыкуюць страціць юрыдычную моц. Напрыклад, калі ўся маёмасць аддаецца толькі мужу.

Сяргей Аляксееў: “Увогуле гэта бывае, але гэта можа прывесці нават да таго, што дамову прызнаюць несапраўднай. Бо гэта ўшчамленне інтарэсаў іншага чалавека. Але такое бывае, хоць мы і не рэкамендуем, бо зараз і судовая практыка ідзе па шляху прызнання такой дамовы несапраўднай. З аднаго боку, што тут, муж і жонка ўжо дамовіліся аб гэтым. Нават калі гэта такое няроўнае размеркаванне маёмасці. Але потым, часцей за ўсё, жонка – менавіта жонка! – ідзе ў суд і дамагаецца прызнання дамовы несапраўднай”.

Уладзімір Парфяновіч, трохразовы алімпійскій чэмпіён у веславанні на байдарцы, распавёў Еўрарадыё сваю гісторыю заключэння шлюбнай дамовы.

Уладзімір Парфяновіч: “Наша сямейнае жыццё, дзякуй Богу, ужо рухаецца да заканчэння трэцяга дзесятка. А дамову мы заключалі на 25 ці 23 годзе сумеснага жыцця. Мы туды ўпісвалі толькі маёмасць: машыну, хату, мэблю... Але мы гэта рабілі не дзеля таго, каб патлумачыць зносіны паміж намі. А для таго, каб калі мой бізнес будуць ужо зусім знішчаць, быў хоць нейкі юрыдычны дакумент, нейкая юрыдычная база, каб жонцы потым можна было судзіцца і нешта мець”.

Колькі яшчэ новых функцый набудуць у Беларусі шлюбныя дамовы, пакажа час.

фота з www.lytkarino.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі