Вы тут

Палітвязня Ігара Ляшчэню адпусцілі, ён пад падпіскай аб неразгалошванні

Ігар Ляшчэня / З архіву Нашай нівы

Палітвязня Ігара Ляшчэню адпусцілі, ён пад падпіскай аб неразгалошванні, піша ў Facebook яго дачка Анастасія. Былы амбасадар Беларусі ў Славакіі знаходзіўся за кратамі з 11 жніўня. Ляшчэню затрымалі ў рамках расследавання крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" у Мінску і правяралі на датычнасць "да здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Анастасія Ляшчэня піша, што бацька "дома, адчувае сябе добра", дзякуе ўсім за падтрымку і "просіць зразумець і дараваць, паколькі ў бліжэйшы час не будзе выходзіць на сувязь — хоча адпачыць у спакойнай хатняй абстаноўцы".

"Сёння ў пятніцу 20 жніўня я быў адпушчаны дадому, — піша сам Ігар Ляшчэня ў кароткім паведамленні. — За мной пакуль захоўваецца статус падазраванага. Я даў падпіску пра неразгалошваньне ходу следства...".

У 2020 годзе Ляшчэня падтрымаў мірныя пратэсты ў Беларусі, ён асудзіў гвалт сілавікоў і падаў у адстаўку. Аляксандр Лукашэнка звольніў яго і пазбавіў рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла.

Ляшчэня трапіў пад "зачыстку" ўдзельнікаў віртуальнай платформы "Сход", у якой браў удзел.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.