Паліклініка да 7 лістапада: электронны талон не даюць, здымкі не робяць

"Мы зацікаўлены ў тым, каб мінчане атрымлівалі якасную, даступную, прафесійную медыцынскую дапамогу. Таму наша задача - знайсці сродкі на будаўніцтва новых устаноў аховы здароўя", - гаворыць новапрызначаны кіраўнік Мінска Андрэй Шорац на адкрыцці новай 39-й паліклінікі 7 лістапада, у чырвоны дзень календара.

Ва ўстанове аховы здароўя чыноўнікі анансавалі электронныя чэргі, сучасную апаратуру, нават талончыкі тут мусіць выдаваць аўтамат.

“Флюараграфію мы не робім, можаце ў 5-ю схадзіць, праз месяц мусяць наладзіць”, - адказваюць мне ў рэгістратуры 39-й сталічнай паліклінікі праз два тыдні пасля яе адкрыцця.

У холе паліклінікі заўважаю навінку – “электронную рэгістратуру”. Па задумцы аўтамат мусіць выдаць талончык да любога спецыяліста. Але ў дзвюх жанчын пенсійнага ўзросту атрымаць талон не атрымліваецца. “Звярніцеся ў звычайную рэгістратуру, апарат яшчэ не настроілі”, - раіць ім супрацоўніца.

Вузкіх спецыялістаў няма, тэхніка працуе не ўся, агучвае ўражанні Вольга, якая прыйшла да тэрапеўта:

“Педыятраў не хапае і спецыялістаў для дзяцей. Патрэбна была кансультацыя ЛОРа, яго проста няма. Хадзіла на ЭКГ, адседзела 45 хвілін у чарзе, тэрапеўта таксама доўга чакала”.

У Галіны перабінтавана рука, яна не можа зрабіць здымак, трэба ехаць у іншую ўстанову, бо не настроілі апарат.

“Адпраўляюць у дзве іншыя паліклінікі, на іх перакінулі. Чаму так, не кажуць”.

Чэргі ў паліклініцы, што праўда, невялікія. Да тэрапеўта налічваю некалькі чалавек. Да педыатра па 4-5 чалавек.

У адміністрацыі паліклінікі недахопы тлумачаць проста: “Не паспелі ўсё зрабіць. Так хутка не бывае”.

Могуць быць нейкія збоі, прызнаюць у камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Але пры адкрыцці ўсё абсталяванне ўжо мае сертыфікацыю.

“Усё абсталяванне ўжо мае дакументацыю да адкрыцця. Але тэхнічныя моманты могуць быць. Абсталяванне там усё добрае. Можа, у будаўнікоў там былі нейкія праблемы”, - гавораць чыноўнікі.

Але не тлумачаць, як “электронная рэгістратура” ці флюараграфія звязаны з будаўнікамі. Пры гэтым новая паліклініка плануе абслугоўваць 400 чалавек за змену і мець на ўліку 21 тысячу дарослых і амаль 6 тысяч дзяцей.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі