Паганяйла: Толькі наіўны можа ўявіць, што запрашэнне будзе прынятае

120807 PaganjajlaS.mp3

Еўрарадыё: Ці правамоцнае абвінавачанне Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава ў тым, што яны незаконна перасяклі дзяржаўную мяжу Pэспублікі Беларусь?

 

Гары Паганяйла: Артыкул 16 крымінальнага кодэкса знаходзіцца ў агульнай частцы і мае на ўвазе розныя формы саўдзелу ад непасрэднага выканання да арганізацыі, падстракальніцтва, пасобніцтва і гэтак далей. Адказнасць на саўдзельніках такая ж як і на выканаўцах. І абвінавачванне будзе прад’яўляцца па тым артыкуле крымінальнага кодэкса, па якім будуць кваліфікавацца злачынствы асноўных абвінавачаных.

Насцярожвае іншае. Дзеянні, пра якія мы ведаем, не могуць расцэньвацца як саўдзел у тым, што зрабілі шведскія грамадзяне – пералёт праз мяжу і скіданне цацачных мядзведзікаў. Калі няма дакладных доказаў, то нельга прад’яўляць абвінавачанне.  Тое што следчыя просяць з’явіцца ў Беларусь падазраваных ва ўчыненні злачынства шведскіх грамадзянаў, гаворыць пра тое, што нашыя следчыя не маюць сур’ёзных доказаў для прад’яўлення абвінавачанняў беларускім грамадзянам. Адзін прадаставіў кватэру для пражывання, у якой ніхто не жыў, другі выклаў фотаздымкі ў інтэрнэце, якія магчыма і не рабіў. Але гэтую падзею бачылі многія, хтосьці здымаў на мабільнік, хтосьці на фотаапарат.

Толькі наіўны чалавек можа ўявіць, што такое запрашэнне будзе прынятае шведскімі грамадзянамі. Шведы цудоўна ведаюць што за правасуддзе ў Беларусі, і ніхто сюды не прыедзе. Але нашыя следчыя ведаюць законы, ведаюць працэдуры  па якіх можна перадаць адпаведным органам Швецыі просьбу апытаць падазраваных, каб шведы адказалі на пытанні, якія цікавяць беларускае следства.

Еўрарадыё: А напрыклад Інтэрпол можа гэтым заняцца?

 

Гары Паганяйла: У Інтэрпола іншыя задачы. А вось тое што міжнародная супольнасць ацэніць дзеянні беларускіх уладаў – я не сумняюся. Беларускі бок можа атрымаць жорсткія санкцыі Захаду, бо зразумела што гэта не нармальная працэдура крымінальнага пераследу, а ўзятыя закладнікі, і цяпер беларускі бок ладзіць гандаль.


 Існуюць дамовы пра аказанне юрыдычнай дапамогі  па крымінальных грамадзянскіх і адміністрацыйных справах. Можна і праз іншыя крыніцы – наўпрост звярнуцца ў органы пракуратуры Швецыі, з тым, што пракуратуры Беларусі трэба апытаць пэўных грамадзянаў па пэўных пытаннях. Няхай следчыя КДБ сфармулююць свае пытанні,  Генеральная пракуратура можа іх перадаць.  Я думаю што шведскія органы пагадзяцца правесці такія следчыя дзеянні на сваёй тэрыторыі, замацаваць нацыянальным заканадаўствам Швецыі. Затым гэтыя дакументы могуць быць скіраваныя ў Беларусь, адпаведным чынам легалізаваныя. І тады нашыя следчыя ужо могуць дзейнічаць у адпаведнасці з атрыманымі матэрыяламі.

Еўрарадыё: А можа высылка амбасадара і запрашэнне шведаў узаемазвязаныя?

 

Гары Паганяйла: Я не бачу тут узаемасувязі. Па сутнасці, гэта просты гандаль: мы арыштавалі беларускіх грамадзянаў, і іх далейшы лёс залежыць ад таго, ці выканаеце вы нашае даручэнне. І няхай уся адказнасць  ляжа на вас, шведскіх грамадзянаў і шведскі бок.

Вядома, гэта падман грамадскага меркавання і беларускага, і міжнароднага. КДБ павінна было дзейнічаць зусім інакш – напрыклад так, як я прапанаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі