Падрыхтавацца да паступлення — 3 тысячы долараў за год

“9 месяцаў падрыхтоўкі, два разы на тыдзень, па адным прадмеце — для большасці школьнікаў патрэбная такая падрыхтоўка. Ёсць невялікая група школьнікаў, у якіх добрая падрыхтоўка, і якія могуць займацца самі, такім трэба адзін раз на тыдзень. Такіх каля 10%, і цяпер ужо ёсць тыя, каму трэба рыхтавацца два гады”, — расказвае Еўрарадыё рэпетытар фізікі і матэматыкі Яўген Лівянт.

Сярэдні кошт аднаго занятку ў рэпетытараў ён ацэньвае ў 15 долараў. Але могуць загнуць і 25, бо прафсаюза рэпетытараў няма, жартуе Лівянт:

“Бяруць па рознаму: ад 10$ да 25$, сярэдні будзе ў раёне 15$ за адзін занятак”, — агучвае кошты на веды рэпетытар.

Падлічваем, колькі трэба грошай на год, каб спакойна ісці здаваць тэставанне. Тры прадметы па два разы на тыдзень — гэта 360 долараў на месяц. І больш за тры тысячы долараў на ўсю падрыхтоўку за год!

Сюды ж дадаём падручнікі па прадметах.

“Хтосьці з рэпетытараў выкарыстоўвае кнігі. Па любым прадмеце яны абыходзяцца як два заняткі — 30 долараў. Больш каштуюць кнігі толькі па англійскай мове”, — расказвае Яўген Лівянт.

І запэўнівае, што паслугі рэпетытараў не даражэлі з 2011 году, калі лічыць у доларах.

“У мяне курсы па рускай і англійскай мовах і рэпетытар па матэматыцы два разы на тыдзень. Рэпетытар каштуе 15 долараў за занятак, а курсы, там аплата за семестр адразу”, — падлічвае абітурыентка Наста, якая паступае ў Эканамічны ўніверсітэта на “рэкламу”.

На курсы па англійскай мове і на заняткі з рэпетытарам яна ходзіць з верасня, а рускай мовай займаецца толькі з пачатку лютага. У БДУ, напрыклад, падрыхтоўчыя курсы па адным прадмеце каштуюць 2,6 мільёнаў рублёў за месяц. Гэта ўжо 5 мільёнаў за два прадметы. Не на шмат танней, чым рэпетытары.

“Калі вучань умее і хоча рыхтавацца самастойна, то можна рыхтавацца на курсах. Але большасці патрэбны кантроль, бо рэпетытар мусіць правяраць хатняе заданне. І рухацца з той хуткасцю, з якой рухаецца вучань. Пакуль тэма не пройдзеная, разбіраем яе”, — тлумачыць рэпетытар Яўген Лівянт.

У 2013 годзе ў ВНУ паступілі 68,7 тыс. чалавек, што на 19,4 тысячы менш, чым у 2012 годзе.З іх 41% паступілі на бюджэт, паведамляе Белстат. Год таму Еўрарадыё размаўляла з выдатнікамі, якія здалі тэставанне на 100 балаў. З трох выдатнкікаў толькі адзін кожны дзень рыхтаваўся з рэпетытарамі!

Фота: uralstudent.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі