Падлетка з Рыгі, які браў інтэрв'ю ў Лукашэнкі, залічаць у кадэцкую вучэльню

Падлетка Іллю Карозу, які браў інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі на "Славянскім базары", залічаць у Віцебскую кадэцкую вучэльню. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

"Па старэйшым дзіцяці цяпер бацькі займаюцца усталяваннем эквівалентнасці замежных дакументаў аб адукацыі, дакументаў Рэспублікі Беларусь. Як толькі гэтая працэдура будзе пройдзеная, пытанне па залічэнні падлетка ў Віцебскую кадэцкую вучэльню будзе вырашанае. У парадку выключэння ён будзе залічаны", — кажуць чыноўнікі. 

Двое астатні дзяцей таксама будуць уладкаваныя — у школу і дзіцячы садок. "Запыты дзяўчынкі на музычную адукацыю і развіццё таксама будуць рэалізаваныя", — дадаюць віцебскія чыноўнікі. 

Сям'я Іллі Карозы паведаміла, што маці атрымала працу ў Віцебску, а таксама сям'і вылучылі месца ў інтэрнаце.

Ілля Кароза стаў вядомы, калі сёлета на "Славянскім базары" ўзяў інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі ад імя Рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання Academy KidsTV. Інтэрв'ю было апублікаванае беларускімі дзяржСМІ, што выклікала абурэнне ўладаў Латвіі. Служба бяспекі Латвіі пачала праверку акадэміі і высветліла што гурток не мае акрэдытацыі, ліцэнзіі ды займаецца адукацыйнай дзейнасцю без прававых падстаў.

Пасля скандалу сям'я Іллі Карозы пераехала ў Беларусь. 5 жніўня ім далі беларускае грамадзянства па паскоранай праграме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.