Вы тут

Падчас цісканіны і страляніны ў аэрапорце Кабула загінула не менш за 12 чалавек

Людзі каля аэрапорта ў Кабуле чакаюць магчымасці пакінуць краіну / Reuters

Падчас цісканіны і страляніны ў аэрапорце Кабула за апошнія некалькі дзён загінула агулам 12 чалавек.  Пра гэта ў чацвер паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на талібаў і прадстаўнікоў NATO.

У чацвер талібы заклікалі афганцаў, якія застаюцца ля аэрапорта, разысціся і вярнуцца дадому. Ім паабяцалі не наносіць шкоды. Гэты заклік прагучаў на наступны дзень пасля таго, як "баевікі Талібана абстралялі пратэстоўцаў, забіўшы, са слоў відавочцаў, траіх", піша Reuters .

Агенцтва прыводзіць словы людзей, якіх не пускалі на тэрыторыю аэрапорта.

"Гэта поўная катастрофа. Талібы стралялі ў паветра, штурхалі людзей, збівалі іх", — расказаў адзін з удзельнікаў падзей.

Тэрыторыю за межамі аэрапорта патрулююць талібы / Reuters

Аэрапорт застаецца зонай адказнасці ЗША, таму сюды імкнуцца людзі, якія хочуць пакінуць краіну. Тым часам за межамі аэрапорта тэрыторыю патрулююць ужо баевікі "Талібана".

Па словах прадстаўніка заходніх службаў бяспекі, з нядзелі з Кабула вылецела каля 8000 чалавек.

Між тым прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у сераду, што ЗША могуць захаваць свой вайсковы кантынгент у Афганістане і пасля 31 жніўня. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі да гэтага моманту не атрымаецца эвакуяваць з краіны ўсіх амерыканскіх грамадзян.

"Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб эвакуяваць усіх амерыканцаў і ўсіх нашых саюзнікаў",сказаў амерыканскі прэзідэнт у інтэрв'ю тэлеканалу АВС. Паводле яго слоў, ЗША плануюць вывезці з краіны таксама ад 50 тысяч да 65 тысяч афганцаў.

У сярэдзіне красавіка Джо Байдэн абвясціў аб рашэнні завяршыць аперацыю ў Афганістане і вывесці адтуль амерыканскія войскі. Пасля гэтага радыкальны рух "Талібан" пачаў браць кантроль над краінай. 15 жніўня баевікі без бою ўвайшлі ў Кабул. Прэзідэнт краіны Ашраф Гані пакінуў краіну. Заходнія краіны пачалі эвакуацыю сваіх грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.