Пацярпелыя ад дзеянняў Раскамнагляду пачынаюць рыхтаваць судовыя іскі

Фота: Радыё Свабода
Фота: Радыё Свабода

17 красавіка міжнародная праваабарончая група “Агора” запусціла “гарачую лінію” для ўладальнікаў сайтаў і сэрвісаў, якія сутыкнуліся з праблемамі з-за блакавання Роскамнаглядам мільёнаў IP-адрасоў, звязаных з воблачнымі рэсурсамі Amazon і Google. На працягу сутак да юрыстаў звярнуліся каля сотні пацярпелых — іх бізнес сутыкнуўся са стратамі, як мяркуецца, з-за непрафесійных дзеянняў чыноўнікаў нагляднага ведамства. У самым Роскамнаглядзе пры гэтым сцвярджаюць, што праблемы няма: маўляў, блакіроўкі тычыліся на 99,9% тых падсетак, якія выкарыстоўваліся Telegram, а колькасць добрасумленных рэсурсаў, якія пацярпелі ад іх, мінімальная. Карэспандэнт расійскай “Новай газеты” паразмаўляла з юрыстам “Агоры” Дамірам Гайнутдзінавым.

 

— Якія кампаніі звярнуліся да вас па юрыдычную дапамогу?

— Не адважуся сцвярджаць, што ўсе, якія звярнуліся — менавіта кампаніі, далёка не ўсе паведамляюць, якую арганізацыю прадстаўляюць. Часцей за ўсё скарга выглядае так: “У нас заблакавалі сайт, сервер. Скажыце, што нам цяпер рабіць?”. Сярод тых, хто да нас звярнуўся, — камерцыйныя арганізацыі, інтэрнэт-крамы, службы дастаўкі, паштовыя сэрвісы, сэрвісы па падборы трэнераў для айцішнікаў, распрацоўшчыкі праграм, уладальнікі проксі-сервераў, якія цяпер самі пачынаюць атрымліваць паведамленні ад Раскамнагляду. У некаторых проста сайт недаступны, і, хутчэй за ўсё, справа ў блакіроўцы сервераў Amazon, а іншым даслалі апавяшчэнне са спасылкай на нейкія старажытныя патрабаванні Генпракуратуры выдаліць інфармацыю з заклікамі да экстрэмізму і масавых беспарадкаў. Гэта маніпуляцыя з боку Раскамнагляду, таму што рэгулятар сам жа прызнае, што робіць гэта для абмежавання доступу да Telegram. На дадзены момант у нас назапасілася ўжо каля сотні скаргаў, на працягу некалькіх дзён мы іх сістэматызуем і зразумеем, што рабіць далей.

— Пра якую дапамогу ідзе гаворка на дадзеным этапе?

— Цяпер я праводжу юрыдычную кансультацыю, распавядаю пра тое, што самае галоўнае — зафіксаваць доказы. Неабходна зрабіць скрыншоты рэестраў Раскамнагляду, скрыншоты заглушкі аператара сувязі, звярнуцца ў падтрымку аператара, каб атрымаць інфармацыю пра прычыну блакіроўкі, звярнуцца ў РКН з просьбай патлумачыць прычыны ўнясення IP-адраса кампаніі ў рэестр. Трэба разумець, што мы пра юрыдычныя метады кажам, але разблакіроўка рэсурсу ў Расіі можа заняць гады. Гэта зусім не тое, што трэба інтэрнэт-краме, што губляе грошы кожную хвіліну. Ім айцішнікі павінны даваць рэкамендацыі, напрыклад, памяняць IP-адрас, змяніць хостынг або яшчэ нешта, але пры гэтым вельмі важна не знішчыць доказную базу. Захаваць дакументы — першае, што трэба зрабіць, бо яны ў любым выпадку спатрэбяцца, калі чалавек вырашыць звярнуцца ў суд. Пасля таго, як скрыншоты зробленыя, можна займацца тэхналагічным рашэннем праблемы. А потым, узважыўшы плюсы і мінусы, можна звяртацца ў суд.

— Якія існуюць механізмы абароны пацярпелых ад дзеянняў Раскамнагляда?

— Юрыдычныя падставы для звароту ў суд ёсць ва ўсіх, хто атрымаў патрабаванні ад Раскамнагляду нешта выдаліць, або чый сайт апынуўся заблакаваным ў выніку дзеянняў ведамства па блакаванні Telegram. Можна абскардзіць гэта альбо ў судзе агульнай юрысдыкцыі ў парадку адміністрацыйнага судаводства, альбо, калі сайт камерцыйны, звярнуцца ў арбітраж. За арбітражнымі судамі захаваўся імідж больш незалежнай інстанцыі, хоць гэта даволі ўмоўна. Калі суд прызнае дзеянні Раскамнагляду незаконнымі, можна будзе патрабаваць кампенсацыю шкоды, але больш верагодна, што расійскія суды адмовяцца абараняць правы грамадзян і кампаній. Тады, пасля праходжання чатырох інстанцый, можна звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Падобныя справы аб блакаванні ЕСПЧ ужо разглядаў. Восенню таксама была камунікаваная справа Уладзіміра Харытонава, дырэктара Асацыяцыі інтэрнэт-выдаўцоў, зімой мы абмяняліся з урадам пазіцыямі, і цяпер чакаем рашэння па гэтай справе. Прэзідэнт секцыі ЕСПЧ палічыў справу Харытонава выпадкам, у якім выяўляецца сістэмная праблема заканадаўства або практыкі яго прымянення ў краіне. Гэта значыць, што гісторыю з масавымі блакаваннямі сеткавых адрасоў, у выніку якіх пакутуюць добрасумленныя рэсурсы, Еўрапейскі суд ужо цяпер лічыць праблемай, якая патрабуе нейкіх агульных мер, таму шанцы пацярпелых у ЕСПЧ вельмі добрыя. Аднак гэта няхуткі працэс.

— Ці будзе “Агора” суправаджаць справы пацярпелых ад дзеянняў Раскамнагляду кампаній?

— У тым ці іншым выглядзе так, але ўсё залежыць ад колькасці тых, хто звярнуўся. Фізічна сотню такіх спраў у розных канцах краіны мы весці не зможам. Ёсць розныя варыянты — можам кансультаваць або дапамагаць у падрыхтоўцы працэсуальных дакументаў. Дарэчы, адначасова з пацярпелымі да нас звярнуліся каля 20 юрыстаў і адвакатаў, гатовых абараняць, у тым ліку бясплатна, уладальнікаў тых рэсурсаў, якія закранула блакіроўка. Магчыма, мы будзем групаваць справы. Папярэдне гэта не вельмі зразумела, але вырашыцца праз некаторы час.

 

Радзівон Яфрэмаў, прадпрымальнік, які звярнуўся ў “Агору”:

Мая кампанія займаецца распрацоўкай чат-ботаў. Гэта такая карысная штука, з дапамогай якой бацькі могуць запісваць дзяцей на курсы, людзі могуць заказваць піцу, аўтааматары — страхоўку, выклікаць аварыйнага камісара і гэтак далей. Мы працуем непасрэдна ў інтэрфейсе Telegram. У сувязі з рашэннем Раскамнагляду мы страцілі ўсе дамовы, таму што кампаніі, якія з намі працуюць, не хочуць быць нейкімі падпольшчыкамі, нават падпісаныя дамовы прыйшлося адкласці на няпэўны час. Гэта я сабе магу VPN паставіць, а звычайныя бацькі наўрад ці будуць сабе дадаткова нешта спампоўваць, каб запісацца на курсы. Такія, як я, нясуць вельмі сур'ёзную шкоду. Кожны за тыдзень губляе па 100-200 тысяч рублёў. Чат-боты вельмі ўпэўнена развіваліся і маглі б выцесніць некаторыя мабільныя праграмы ў хуткім часе. Я б з задавальненнем падаў іск на Аляксандра Жарава, але даказаць ўзаемасувязь таго, што мой бізнес пацярпеў ад дзеянняў Раскамнагляду наўрад ці змагу. Можна спрабаваць, але я ўсё ж спадзяюся, што праз месяц гэтае незаконнае рашэнне адменяць.

«Новая газета»

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі