Пачалася кампанія за прыпыненне будовы помніка 1000-годдзя Брэста

Ініцыятыўная група жыхароў Брэста праз інтэрнэт і кола актывістаў распачала кампанію з мэтаю прыпыніць узвядзенне помніка ў гонар 1000-годдзя Брэста. Ён мае быць адкрыты улетку сёлета. 
Доктар архітэктуры і урбаністыкі Ірына Лаўроўская тлумачыць “Еўрарадыё” сэнс кампаніі: 

"Мы за публічны характар прыняцця канцэпцыі. Яна была ўхваленая адным чалавекам, таму выклікае такія спрэчкі. Гэта наш помнік, ставіцца для ўсяго горада, таму натуральна, што павінныя быць выкананыя пэўныя працэдуры.  

У мясцовыя органы ўлады, міністэрства культуры накіраваныя звароты. Ініцыятары  патрабуюць, каб канцэпцыя помніка прайшла праз новы, пажадана міжнародны, конкурс - у сувязі з памежным статусам Брэста. Пішуць, што прынятая канцэпцыя “вярэдзіць шматвекавыя раны нашага народа”.

Нагадаем, што канцэпцыя помніка была ўхваленая камісіяй па культуры пры аблвыканкаме ў снежні летась, а рашэнне будаваць помнік аблвыканкам прыняў 12 студзеня. На мануменце (фанерная копія, выстаўленая ў натуры, на фота) маюць быць 6 статуй і 12 барэльефаў на цокалі.



У поўны рост будуць мемарыялізаваныя Вялікі Князь Вітаўт, Мікалай Радзівіл Чорны, князь Уладзіміра-Валынскага Уладзімір Васількавіч, загінулы ў баях з нямецкімі фашыстамі памежнік Андрэй Кіжаватаў і дзве асобы найноўшага часу: лётчык з Баранавічаў Уладзімір Карват і літаратар Уладзімір Калеснік.

Аспрэчаную праваслаўнымі святарамі постаць Ягайлы, які надаў гораду Магдэбургскае права, панізілі да барэльефа на цокалі.

Выдавец газеты “Царква” пры грэка-каталіцкай парафіі Ігар Бараноўскі сказаў «Еўрарадыё»: – Калі постаць Вітаўта не выклікае пярэчання – быў жа ён гаспадаром Берасьця, тут дамаўляўся пра ўдзел у Грунвальдскай бітве, якая праславіла яго, дык Ягайла можа больш зрабіў для Польшчы, чым для Вялікага Княства Літоўскага. Быў супраціўнікам Вітаўта.

Разам з тым ён зазначыў, што многія хрысціяне ахвяравалі грошы дзеля Маці Божай, якая наверсе першапачатковага праекту дабраслаўляла гіпатэтычнага купца-заснавальніка горада. Цяпер яе прыбралі, а грошы што, назад аддаваць?

Тысячагоддзе горада наступіць праз дзесяць гадоў. Складваецца ўражанне, што ўлады спяшаюцца пазначыць сябе ў часе. Не былі разгледжаныя публічна і  рацыянальныя прапановы ад грамадзянаў. Прыкладам, пабудаваць мост у новае тысячагоддзе горада. Брэст мучаецца з-за недахопу развязак чыгуначнага і аўтамабільнага руху.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі