Па амністыі без кампенсацыі вызваляць толькі 10 цяжарных

Усім астатнім асуджаным для вызвалення давядзецца шукаць грошы. Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, зарабляюць цяпер ў калоніі каля 100 тысяч рублёў. Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі закон “Аб амністыі”, прымеркаванай да 65-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. Згодна з папярэднімі падлікамі МУС, на свабоду сёлета маюць шанец выйсці больш за 4 тысячы зняволеных. Але скарыстацца гэтым шанцам змогуць толькі тыя асуджаныя, хто цалкам кампенсуе нанесеныя злачынствам дзяржаве і прыватным пацярпелым страты.

Праўда, ёсць і выключэнне — тыя асуджаныя, каго могуць амніставаць і без усялякіх кампенсацый. З так званай “ільготнай катэгорыі злачынцаў”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі:

Віктар Гумінскі: “Кампенсацыя нанесеных страт — гэта адна з умоў. Акрамя льготнай групы. Як і раней — гэта цяжарныя жанчыны, адзінокія мужчыны і жанчыны, на ўтрыманні ў якіх знаходзяцца дзеці, інваліды розных узроўняў, акрамя 3-й групы, ветэраны баявых дзеянняў, ВІЧ-інфікаваныя”.

Што ж тычыцца астатніх асуджаных, на якіх распаўсюджваецца амністыя, то паводле слоў старшыні камісіі, дапамагчы з выплатай кампенсацый могуць іх сваякі.

Начальнік Дэпартамента па наглядзе за выкананнем пакарання МУС Юрый Барынкоў, пацвердзіў Еўрарадыё, што праект закону прадугледжвае вызваленне цяжарных жанчын па амністыі без выплаты кампенсацый. Але далёка не ўсіх.

Юрый Барынкоў:
“Гэта вельмі нешматлікая група будзе. У першым артыкуле закону прапісваецца пра цяжарных жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце і гэтак далей. Але потым гэта ўсё будзе абмежавана іншымі артыкуламі, якія гэта дэталізуюць. І ўсе яны патрапяць пад “цяжкасць” здзейсненага злачынства. Так што, гэта іх мала і будзе датычыцца гэтых жанчын”.

Такім чынам, выйсці па амністыі на волю без выплаты кампенсацый змогуць толькі тыя цяжарныя, у каго ўжо ёсць непаўналетняе дзіця і іх злачынства кваліфікуецца як “менш цяжкае”. А такія ў калоніях і не знаходзяцца: яны адбываюць пакаранне “на хіміі”.

Юрый Барынкоў: “Калі яна цяжарная і дзіцё ёсць,  то яна і не будзе ўжо ў калоніі знаходзіцца. Тым больш, калі злачынства “менш цяжкае”.

У Дэпартаменце падлічылі колькасць такіх цяжарных з “ільготнай катэгорыі”. Іх будзе не больш за 10 чалавек.

Юрый Барынкоў: “Па першым артыкуле тых, хто падыходзіць па ўсіх катэгорыях, будзе зусім не шмат. Папярэдне — такіх асуджаных у нас дзесьці 10 толькі будзе”.

Звестак па іншых катэгорыях “ільготнікаў”, якія рэальна могуць выйсці на волю без выплат кампенсацый, у начальніка Дэпартамента няма. Што ж тычыцца цяжарных, то, як паведаміла Еўрарадыё начальнік спецаддзела жаночай калоніі Гомеля Алена Крыжэўская, не для ўсіх асуджаных цяжарнасць і выплата ўсіх кампенсацый з’яўляецца гарантыяй амніставання.

Алена Крыжэўская:
“У нас цяжарныя ёсць, але я пакуль не ведаю, хто з іх патрапіць пад амністыю. У нас шмат адбываюць пакаранне “за цяжкія”, тыя, што здзейснілі злачынства падчас адтэрміноўкі альбо абмежавання волі. Яшчэ ж не вядома, як будзе амністыя складзена. Сказаць на 100 адсоткаў, што яны выйдуць усе, нельга”.

Асуджаныя з гомельскай калоніі працуюць швачкамі. Атрымліваюць у сярэднім каля 140 тысяч рублёў. Нават супрацоўнікі калоніі згодныя з тым, што назбіраць суму ў некалькі мільёнаў рублёў, каб выплаціць кампенсацыю дзяржаве, для іх нерэальна. Адзінае спадзяванне — на дапамогу сваякоў. Праўда, кажа Алена Крыжэўская, ёсць у іх і такія асуджаныя, якія нават маючы магчымасць зрабіць усе выплаты і выйсці па амністыі на свабоду, могуць ёй не скарыстацца. Летась такія прыклады былі.

Алена Крыжэўская:
“Ёсць у нас асуджаныя, якіх мы вызваляем умоўна-датэрмінова, але яны прынцыпова не хочуць плаціць. Адна асуджаная, у якой два мільёны, яна сказала, што лічыць сябе невінаватай і прынцыпова плаціць нават гэтыя два мільёны не будзе. Можа так і падчас гэтай амністыі надарыцца”.

Летась, кажа супрацоўніца калоніі, на волю выйшлі не ўсе з тых, хто трапляў пад амністыю па фармальных прыкметах. Тое ж, кажа, будзе і гэтым разам.

Алена Крыжэўская: “Чакалі, што людзі будуць аплачваць пазовы. Але хтосьці не мог, а хтосьці і не хацеў. А хтосьці, нават не маючы іх, знайшоў і заплаціў. Таму зараз прадбачыць будзе цяжка, як і падчас мінулай амністыі, колькі выйдзе”.

Фота: www.nnews.nnov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі