Оскар 2009: фільм года — "Мільянер з трушчобаў"

У Галівудзе мінула 81-ая  цырымонія ўручэння "Оскараў" — вышэйшай узнагароды Амерыканскай акадэміі кінамастацтва. Трыўмфатарам сёлета стала стужка "Мільянер з трушчобаў". Яна атрымала адразу восем залатых статуэтак, у тым ліку — у намінацыях "Лепшы фільм года" і "Лепшы рэжысёр года" (Дэнни Бойл).  На другім месцы па колькасці ўзнагародаў — фільм "Загадкавая справа Бенджаміна Батана". Ён атрымаў тры "Оскары". Далей ідуць фільмы "Бэтмэн: Цёмны рыцар" і "Харві мілк" з двума статуэткамі.

У намінацыі "Лепшы кароткаметражны анімацыйны фільм" прызавое месца заняў "Дом з маленькіх кубікаў" японскага кінематаграфіста Куніо Като.

"Оскар" за лепшы поўнаметражны анімацыйны фільм 2008 года атрымаў фільм аб няпростым жыцці робатаў "ВАЛЛ-І". Яго супернікамі былі фільмы "Вольт" і "Кунг-фу панда".

Фільм "Асабліва  небяспечны", зняты ў Галівудзе расійскім рэжысёрам Цімурам Бекмамбетавым, саступіў ў двух намінацыях — "Лепшы мантаж гуку" і "Лепшае міксаванне гуку" — карцінам "Бэтмен: Цёмны рыцар" і "Мільянер з трушчобаў" адпаведна.

Лепшым фільмам на замежнай мове падчас цырымоній прызнаная японская стужка "Адбыцці". Яна абыйшла ў гэтай намінацыі карціны "Вальс з Башырам" ізраільскага рэжысёра Ары Фолмана, "Клас" французскага кінематаграфіста Лорана Канце, а таксама стужкі "Рэванш" (Аўстрыя) і "Комплекс Баадэр-Майнхофа" (Германія).

"Оскара" за лепшую галоўную жаночую ролю атрымала Кейт Уінслет за фільм "Чытальнік". У гэтай намінацыі за залатую статуэтку з ёй змагаліся Мэрыл Стрып ("Сумнеў"), Энн Хатэуэй ("Рэйчэл выходзіць замуж"), Анджэліна Джолі ("Падмена") і Меліса Лео ("Змёрзлая рака").

"Оскар" за лепшую галоўную мужчынскую ролю дастаўся Шону Пэну за фільм "Харві Мілк". Намінантамі ў гэтай у катэгорыі па выніках 2008 году былі таксама Рычард Джэнкінс ("Госць"), Фрэнк Лангела ("Фрост супраць Ніксана"), Брэд Піт ("Загадкавая справа Бэнджаміна Батана") і Мікі Рурк ("Барацьбіт").

"Оскар" за лепшую мужчынскую ролю другога плану атрымаў пасмяротна акцёр Хіт Лэджар за ролю ў "Цёмным рыцары".


Фота — "Лента.ру"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі