У Кіеве гэтай ноччу зноў былі чутныя выбухі. Раніцай агенцтва УНІАН апублікавала фота чарговага палаючага жылога дома і паведаміла, што пажар узнік пасля абстрэлу.
Гарэў 9-павярховы жылы дом у Падольскім раёне Кіева, удакладняе Hromadske. Пасля траплення баепрыпасу загарэлася частка дома з 1 па 5 паверхі. У 6:51 пажар быў ліквідаваны. Як мінімум аднаму чалавеку спатрэбілася дапамога медыкаў — яго забралі ў бальніцу.
Пентагон падлічыў, што за час вайны Расія выпусціла па Украіне больш за 900 ракет розных тыпаў.
Генштаб Узброеных Сіл Украіны ў традыцыйнай ранішняй зводцы піша, што "праціўнік спрабуе захапіць Марыупаль", але ўкраінскія войскі паспяхова стрымліваюсь атакі захопнікаў. У захопленых раёнах Луганскай вобласці, паводле звестак Генштаба, пачалася мабілізацыя — расійскія вайскоўцы накіроўваюць мясцовых ваяваць супраць Украіны.
"У Чарнаморскай і Азоўскай аперацыйных зонах прыкмет падрыхтоўкі да правядзення марской дэсантнай аперацыі не выяўлена", — кажуць у Генштабе.
Між тым раней старшыня Адэскай адміністрацыі Максім Марчанка казаў пра пагрозу высадкі марскога дэсанту на ўкраінскае ўзбярэжжа.

Аб гуманітарнай катастрофе ў Бучы — гэта горад у Кіеўскай вобласці — казаў мінулай ноччу мясцовы кіраўнік Анатоль Федарук.
"Пакуль вырашыць яе кардынальна не ўдаецца: ворагі заблакавалі выпяканне хлеба, аднаўленне электра-, вода-, газазабеспячэння, валанцёрскую дзейнасць", напісаў ён.
Між тым, ва Украіне працягваюць раздаваць зброю, нагадвае УНІАН. Цяпер узбройваюць добраахвотнікаў у Кіеве і вобласці, а таксама на Харкаўшчыне. Але неўзабаве зброю будуць выдаваць жыхарам Ровенскай і Валынскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю.
"Мы ўжо выдалі некалькі дзясяткаў тысяч аўтаматаў ва ўсёй краіне", — цытуе агенства міністра ўнутраных спраў Дзяніса Манастырскага.
Расійскія войскі сталі адным з пастаўшчыкоў украінскай арміі. Пра гэта казаў у сваім вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, "салдаты і афіцэры РФ зразумелі, што вайной яны нічога не дасягнуць, таму кідаюць сваю тэхніку і бягуць з поля бою".
Ён таксама распавёў, што ва Украіне пачынаюць падатковую рэформу. Замест ПДВ і падатку на прыбытак будзе дзейнічаць стаўка 2% ад абароту і спрошчаны ўлік. Для малога бізнесу выплата адзінага падатку (ЕН) стане добраахвотнай: "то бок калі можаце — плаціце. Не можаце — няма пытанняў". Адмяняюцца ўсе праверкі для ўсіх бізнэсаў. Ёсць толькі адна ўмова — трэба забяспечыць нармальную працу свайго бізнэсу ў рамках украінскага закона.
Яшчэ Зяленскі сказаў, што 234 вайскоўцаў ВСУ будуць адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, 59 з іх — пасмяротна.