Новы цягнік "Штадлер" у мінскім метро ўпершыню правёз пасажыраў

Новы цягнік "Штадлер" у мінскім метро ўпершыню правёз пасажыраў

Увечары 4 лютага ў мінскім метро ўпершыню праехаў новы цягнік "Штадлер" з пасажырамі. Такія цягнікі будуць ездзіць на трэцяй лініі метро. Аднак да яе запуску іх абкатваюць на другой лініі. 

"Цягнік ужо ўведзены ў эксплуатацыю, ён ужо шмат разоў хадзіў па лініях, але сёння ён у першы раз едзе з пасажырамі. Гэта трэба для дадатковай практыкі машыністаў", — прыводзіць TUT.by словы прэс-сакратара метрапалітэна Андрэя Дроба.

Новы цягнік чатырохвагонны, паміж вагонамі ёсць адкрытыя праходы. У другім квартале 2020 года ў метрапалітэн павінныя паступіць чатыры пяцівагонныя цягнікі. 

Над дзвярыма вагона размешчаныя новыя табло для навігацыі, са святлодыёдамі. Каля назвы станцыі, да якой у гэты час ідзе цягнік, міргае чырвоная кропка. Станцыі перасадак на іншыя лініі падсветленыя колерамі гэтых ліній.

Таксама ў вагонах ёсць маніторы са схемай ліній метро. 

Падчас паездкі пасажыры могуць падзарадзіць свае мабільнікі — для гэтага прадугледжаны спецыяльныя раздыманні. Вагоны аснашчаныя кандыцыянерамі. А ў абодвух канцах новага цягніка ёсць месцы для людзей з абмежаванай мабільнасцю: адкідныя крэслы, а таксама месца для фіксацыі вазка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі