Не забіваць рускіх, а біцца за праўду: як беларусы добраахвотна ідуць ваяваць

Міраслаў і Наталля — беларускія добраахвотнікі ў шэрагах ВСУ / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Міраслаў і Наталля — беларускія добраахвотнікі ў шэрагах ВСУ / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

 — Мяне завуць Наталля, — прадстаўляецца бландынка гадоў 55-ці.

На Наталлі чорная байка і цёмна-зялёны шалік. Калі яна расказвае сваю гісторыю — здымае акуляры, калі ідзе курыць — зноў надзявае. Калі паглядзець на фота Наталлі — не скажаш, што яна баец добраахвотнага беларускага батальёна "Тэрор".

Сюды Наталлю прывяло гора — абараняючы Украіну, загінуў яе сын Павел з пазыўным "Волат".

— Ён нарадзіўся ваяром. Я думаю, што ён якраз належыць да тых людзей, якія з'яўляюцца носьбітамі беларускай шляхты. Гэта перш за ўсё ваяры. Калі пачынаецца вайна, "калі маскаль лезе на вольныя землі", у беларускага шляхціца ёсць толькі адзін шлях — да зброі. У 2014-м Паша служыў тэрміновую службу ў Беларусі. Як толькі скончыў яе, адразу ж паехаў ва Украіну.
 

Сын як узор

Павел сыходзіў з фронту толькі тры разы — пасля раненняў, успамінае Наталля. З 2017-га ён знаходзіўся ва Узброеных сілах Украіны, займаўся разведвальна-дыверсійнай дзейнасцю, быў камандзірам групы.

— Пасля першага і другога ранення ён нават не праходзіў рэабілітацыю: казаў, што калі ён не з групай — гэта вялікая рызыка для падначаленых. У яго быў вялікі дар планавання, — кажа яна.

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, Наталля была дома, у Беларусі — і не планавала з'язджаць. Кажа, што лічыла "нешляхетным" пакідаць сваю краіну, калі ў ёй адбываецца жах — рэпрэсіі, арышты, запалохванні.

Напэўна, цяпер бы сядзела ў турме... але я была да гэтага ў прынцыпе гатовая. Калі Паша загінуў, я паехала ва Украіну, разумеючы, што шляху назад у мяне не будзе. І іншага шляху, акрамя як стаць у адзін шэраг з беларускімі добраахвотнікамі, у мяне няма.

Сучасную Расію Наталля называе "канцэнтраваным злом" і пагрозай не толькі Украіне, але і ўсяму цывілізаванаму свету. Цяпер, кажа жанчына, яна побач з тымі, хто таксама гэта разумее і здольны выступіць супраць гэтага зла, ведаючы, што гэта можа каштаваць ім жыцця.

— Як не любіць гэтых хлопцаў? Як не спрабаваць зрабіць так, каб ім было трохі прасцей і ў маральным плане, і ў фізічным? Не ведаю... і таму я тут.

Цяпер Наталля — парамедык у батальёне. Але роля яе куды большая, яна — адзін з сімвалаў добраахвотнікаў.

Рабі так, як належыць

Міраслаў "Мір" — у "мінулым" жыцці айцішнік, цяпер — сувязіст. Як і Наталля, яго асноўная праца — не баі, а дапамога тым, хто на перадавой.

— Мушу прызнацца, што я быў у становішчы, у якім мне было прасцей зняцца і кудысьці паехаць. З аднаго боку, з эмацыйнага, мяне за нейкі час да гэтага кінула дзяўчына, і я ўсё яшчэ перажываў... і з працы я якраз на той момант звольніўся, таму што яна перастала мяне задавальняць. І праўда, я тут атрымліваю менш, чым атрымліваў на мінулай працы ці мог бы зарабляць. Але я адчуў унутраны покліч у тым, што хачу дапамагчы Украіне. Не камусьці канкрэтнаму з людзей... я лічу неабходным прыкласці руку да ідэі прыўнясення міру. Я тут не каб забіваць рускіх, а каб прывесці да завяршэння гэты канфлікт — на карысць праўды.

У Міраслава доўгая барада, на яго працоўным месцы — ноўтбук. Ён кажа, што ў апошнія гады жыў у Кракаве і ва Украіну ўрэшце паехаў менавіта з Польшчы.

— Проста з самага пачатку поўнамаштабнай вайны паступова нарастала прысутнасць гэтага канфлікту ў медыйнай сферы і ў штодзённасці... у Кракаве вельмі шмат уцекачоў з Украіны. Але ў цэлым маё рашэнне ехаць сюды — вынік унутраных перакананняў. І канкрэтна ў дадзеным выпадку прымяненне знайшоў прынцып, які бліжэй за ўсё да катэгарычнага імператыву: паступаць трэба так, у адпаведнасці з такімі правіламі, якія ты б хацеў, каб сталі універсальнымі.

Міраслаў ва Украіне з траўня, а на прыфрантавой працы — каля пяці месяцаў. На пытанне "як адчуванні" — усміхаецца і кажа "нармальна".

— У мяне, як у спецыяліста па радыёсувязі, практычна ўсе мае функцыі выконваюцца на базе. Я толькі пару разоў быў на баявых выездах і нават на іх заставаўся на перадавым апорным пункце, а не ішоў у бой.

З такой працай, кажа ён, менш шанцаў посттраўматычнага разладу або выгарання. Але бывае зацішша: Міраслаў любіць цікавыя і складаныя задачы, а часам такіх няма — і тады апаноўвае нуда.

Ад адсутнасці камфорту таксама стамляешся. Мне не хапае гарачай ванны ці хаця б душа, таму што з вадой у нас тут складана. Абстрэлы... не магу сказаць за іншых, магу сказаць, што ў нас ёсць байцы, якія траплялі пад абстрэлы на фронце і пасля абстрэлы ў Мікалаеве станавіліся для іх трыгерамі. Я досыць хутка звык... чалавек да ўсяго можа звыкнуць.

Суразмоўцы Еўрарадыё — байцы батальёна "Тэрор". Гэта падраздзяленне Узброеных сіл Украіны, сабранае з беларускіх добраахвотнікаў. Раней батальён быў часткай палка імя Кастуся Каліноўскага.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі