“Не ведаю, але я на ўсялякі выпадак купіла валюту”

“Не ведаю, але я на ўсялякі выпадак купіла валюту”

Раніца 22 студзеня, хутка мусяць скончыцца таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы. Валюты ў абменніках, па словах касіраў, хапае. Вялікіх чэргаў няма: каля акенца збіраецца не больш за 3 чалавекі.

“Мне расійскія патрэбныя, я на Расію еду, — кажа мужчына каля абменніка ў ГУМе. — А ўвогуле, ніхто не ведае, што будзе заўтра. Цяпер ідзе адскок назад. На маскоўскім рынку рубель расце”.

Акенца зачыняецца на перапынак, мужчына не чакае і сыходзіць. Побач — яшчэ адзін абменнік. Каля яго жанчына ўжо падрыхтавала рублі. Яна ўпэўненая, што замежную валюту трэба набываць тэрмінова:

“Натуральна, трэба набываць. Учора я па 21 900 набывала долары, а перад Новым годам яшчэ па 18 900 можна было купіць”, — аргументуе свае дзеянні пакупніца валюты.

У абменніку ўніверсама “Цэнтральны” жанчына мяняе 20 долараў на рублі:

“Увогуле, лепш валюту не мяняць, прытрымаць. У мяне быў уклад у рублях пад высокі адсотак, і тое я зняла і перавяла ў валюту. Гэта проста цяпер мне трохі грошай патрэбна, дык я 20 долараў памяняла, — тлумачыць яна. — Павышацца рубель дакладна не будзе. Учора расійскі ў 2,5 разы ўпаў, а мы з Расіяй цесна звязаныя”.

У касе банка ў ГЦ “Сталіца” жанчына набывае 20 долараў. Што выгадней цяпер рабіць — не ведае. Ёй проста “тэрмінова спатрэбіліся долары”. Каля іншай касы — яшчэ адна жанчына:

“Не ведаю, але я на ўсялякі выпадак купіла валюту”.

Таргі скончаныя, вядомы новы курс Нацбанка. Долар і еўра патаннелі. У адным з абменнікаў у ГУМе курсы ўжо іншыя.

“Валюта ва ўсім свеце расце, — кажа насуперак вынікам таргоў жанчына ля абменніка. — Напэўна, варта набываць валюту”.

Дзяўчына з той жа чаргі вагаецца:

“Паняцця не маю, цяпер курс такі нестабільны. Я чула, што на 500 рублёў долар упаў, — дастае тэлефон і ўдакладняе ў інтэрнэце змены курсу. — Так, на 500 рублёў. Таму лепей, напэўна, набываць валюту. Але каму як, каму што патрэбна. Калі трэба нешта купіць цяпер, то лепей, напэўна, памяняць валюту на рублі... Не ведаю”.

Нягледзячы на нестабільны курс і няпэўнасць, дзяўчына стаіць у чарзе, каб купіць на ўсялякі выпадак 50 долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі