Вы тут

"Не дзеля нейкіх выбараў": Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні пенсій

Жыхары вёскі Пагост Жыткавічскага раёна, 2020 год / Еўрарадыё

20 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні працоўных пенсій. Пераразлік будзе праведзены з 1 ліпеня "ў сувязі з ростам заробкаў работнікаў у рэспубліцы шляхам карэктыроўкі фактычнага заробку пенсіянераў сыходзячы з сярэдняй зарплаты работнікаў у рэспубліцы, ужытым пры папярэднім пераразліку пенсій з павышэннем яе велічыні на 6 адсоткаў".

Дагэтуль памер сярэдняй пенсіі па краіне складаў 432,7 рублёў. Перад выбарамі прэзідэнта 9 жніўня пенсіянеры атрымаюць на 25 рублёў больш, тлумачыць ТГ-канал "Эканоміка".

Аляксандр Лукашэнка анансаваў павышэнне працоўных пенсій надоечы — на адкрыцці мемарыяльнага комплекса памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі.

"У нас недзе ў чацвёртым квартале планавалі павысіць пенсіі. Тым не менш я папрасіў, каб перанеслі тое павышэнне сюды. У нас ёсць крыху грошай. Мы павінны ветэранам, пенсіянерам дапамагчы. Наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм, не дзеля нейкіх выбараў, я ніколі гэта не рабіў", — заявіў кіраўнік краіны.

Аднак, высвятляецца, што Аляксандр Лукашэнка усё ж так рабіў. І не аднойчы. Відаць, забыўся. Але мы нагадаем.

Так, прэзідэнтскія выбары 2010 года прайшлі 19 снежня. Напярэдадні выйшаў указ №544 аб павышэнні песній: "З 1 лістапада 2010 года зрабіць карэкціроўку фактычнага заробку пенсіянераў і пераразлік працоўных пенсій". Тое самае здарылася перад выбарамі 2015 года: пенсіянеры пачалі атрымліваць больш грошай з кастрычніка —а прэзідэнта выбіралі ў 11 дзень гэтага месяца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.