Вы тут

Навальнага і яго каманду абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкай супольнасці

Аляксей Навальны / Vasily MAXIMOV AFP/File​

На Аляксея Навальнага заведзеная крымінальная справа па артыкуле 282.1 КК РФ "Арганізацыя экстрэмісцкай супольнасці", паведамляе Следчы камітэт Расіі. Навальны таксама абвінавачваецца ў кіраўніцтве экстрэмісцкай супольнасцю.

Па гэтай справе праходзяць паплечнікі палітыка Леанід Волкаў і Іван Жданаў.

Іншыя члены каманды Навальнага праходзяць па справе аб удзеле ў экстрэмісцкай супольнасці.

Як лічыць следства, Навальны заснаваў Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) для таго, каб весці экстрэмісцкую дзейнасць, і кіраваў гэтым фондам. Да яго далучыліся Волкаў і Жданаў.

Пасля гэтага палітык стварыў грамадскі рух "Штабы Навальнага", які вёў працу ў 37 рэгіёнах Расіі, заявілі ў СК.

Таксама "ў мэтах прапаганды злачыннай дзейнасці" былі створаныя сайт ФБК, сайт штабаў Навальнага, канал на YouTube, акаўнты ў сацсетках. 

Сілавікі лічаць, што задачай руху была "дыскрэдытацыя органаў улады", для чаго ў студзені-красавіку 2021 года праводзіліся мітынгі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.