"НАТА стрымлівае толькі тых, хто пры свядомасці": Лебядок пра напружанне на мяжы

Ваеннаму канфлікту — быць? / Еўрарадыё
Ваеннаму канфлікту — быць? / Еўрарадыё

"І я б не пахіснуўся, увёў бы яго [войска. — Еўрарадыё] ў дзеянне, калі б бачыў, што яны [пратэстоўцы. — Еўрарадыё] не проста перайшлі чырвоную рысу, а ўжо забраліся далёка за яе", — такое выказванне Лукашэнкі пра магчымае задушэнне жнівеньскіх пратэстаў прагучала ў час "Вялікай размовы" 9 жніўня. А якія чырвоныя лініі ўжо перайшоў і гатовы перайсці беларускі рэжым?

— Я б сказаў, што тут няма ніякіх ліній, — разважае ў эфіры Еўрарадыё ваенны эксперт Ягор Лебядок. — Калі разглядаць у палітычным сэнсе, то колькі ўжо было такіх пераходаў і зваротаў. Моцных сілавых сутыкненняў таксама як такіх не было. Гэта, хутчэй, прыгожая метафара, чым практыка дзеянняў як рэжыму Лукашэнкі, так і Еўрасаюза. Гэта, хутчэй, нейкія ўмоўнасці, гэта як адзін з этапаў запалохвання, маўляў, хлопцы, за гэтыя рамкі не выходзьце, інакш будзе "а-та-та".

А боесутыкненні на мяжы з Літвой магчымыя ці гэта таксама размовы з разраду страшылак?

— Такая магчымасць не памяншаецца, яна, хутчэй, нарошчваецца. Рэч у тым, што кроў і вайна патрэбныя для павышэння агрэсіі прыхільнікаў Лукашэнкі ў адносінах да яго супернікаў. Калі паглядзець васьмігадзіннае шоу ["Вялікая размова" з Лукашэнкам. — Еўрарадыё], то гэта была копія расійскага шоу Салаўёва, толькі ў вельмі расцягнутым фармаце.

Відаць, што асноўная накіраванасць гэтага — узняцце агрэсіі, наданне перакананасці ў тым, што ён мае рацыю, тым людзям, якія яго падтрымліваюць. Вядома, НАТА трошкі стрымлівае, але стрымлівае людзей, якія пры свядомасці. А для людзей, у якіх задача "ўтрымаць уладу, інакш памрэш", гэта не такі ўжо і стрымлівальны фактар. Калі, вядома, Расія не абарве.

Можна і не правакаваць НАТА — побач ёсць Украіна, з якой тэарэтычна таксама можна "пабадацца", каб павысіць градус народнага гневу. Або не?

— У гэтым плане гэта найбольш аптымальны варыянт, — лічыць эксперт. — Не толькі палітычная, але і вайсковая канфрантацыя з Украінай доўжыцца з ліпеня дакладна. Напрыклад, 2 ліпеня ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] даваў даручэнне закрыць мяжу з Украінай — потым ужо стала зразумела, што гэта ўзмацненне.

Калі ўкраінская карэспандэнтка спытала ў яго, маўляў, ці можаце вы паўтарыць тое, што гаварылі раней пра тое, што не дапусціце са сваёй тэрыторыі нейкі трэці бок на тэрыторыю Украіны? Гэтым разам ён сказаў, што мы ніколі не створым Украіне паскудства, калі яна першая, умоўна кажучы, не пяройдзе са зброяй на нашу тэрыторыю.

Але і ў нас, і ў Расіі ўсе выдатна разумеюць, што зымітаваць напад расійскімі рэгулярнымі сіламі або сіламі, пераапранутымі ва ўкраінцаў, ніякіх праблем няма. Каб потым сказаць, маўляў, на нас украінцы напалі, ай-яй-яй, давайце будзем абараняць "братушак-беларусаў", давайце ўвядзём расійскія войскі, адкрыем, умоўна, паўночны фронт для Украіны.

“НАТО сдерживает только вменяемых”: Лебедок о военном напряжении на границе
Магчымасць таго, што беларускія войскі ўступяць у бой, ёсць / Еўрарадыё

Пра тое, што расійскія ўзброеныя сілы могуць уварвацца ў Беларусь, гавораць ужо доўгі час. Але вось ці захочуць яны выходзіць?

— Тут пытанне, мяркуючы па рыторыцы, у тым, што сам Лукашэнка асцерагаецца расійскіх войскаў. Ён выдатна разумее, што расійскія войскі тут — гэта пагроза і яму. Як страшылку, як фактар прыкрыцця, у тым ліку і ў рамках пагранічных інцыдэнтаў, гэтым ён можа пакарыстацца. Але ў тым, што войскі пакінуць, я вельмі сумняваюся.

А ці могуць узнікнуць з беларускага боку пагрозы, звязаныя з задзейнічаннем у тым ці іншым ключы БелАЭС або ядзерных адходаў?

— Па-першае, ядзернае паліва — гэта пытанне не гэтага года, па-другое, гэта праблемы сабе, прычым не толькі экалагічныя, але і фінансавыя, — працягвае эксперт. — Магчымасць падобных пагроз варта ўспрымаць як картачны блеф. Можа, ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] і сапраўды лічыць, што можа гэтым напалохаць, але потым, калі ён "вяртаецца на зямлю" і яму кажуць, якія ў яго ёсць рычагі, то тут гэтыя абяцанні проста чэзнуць і ўсё, забываюцца як такія.

Адзін з гледачоў эфіру ўдакладняе, што ў еўрапейскім выданні згадвалі пра тое, што рэжым Лукашэнкі спрабуе выкарыстоўваць стратэгію Madman, стратэгію "вар'ята". Ці гаворыць гэта, што на Захадзе ведаюць пра блеф Лукашэнкі і не будуць ісці ні на якія саступкі?

— Стратэгія "вар'ята" — гэта не стратэгія блефу, — папраўляе Ягор Лебядок. — Гэта стварэнне няпэўнасці. Гэта значыць, ты нават не ведаеш, дзе блефуюць, а дзе не. На самай справе ў Лукашэнкі, як бы там яго ні называлі, усё лагічна.

Проста трэба разумець логіку, з якой яны зыходзяць. Яны зыходзяць з утрымання сваёй улады. Яму трэба павысіць рэсурс процідзеяння сілам унутры, якія супраць яго. Часткова рэпрэсіямі, часткова пераарыентацыяй — напрыклад тым, што ён пераконвае ў адсутнасці гвалту і што ўсё, маўляў, рабілася дзеля захавання міру. Але гэта не стратэгія "вар'ята", не трэба думаць, што там сядзяць дурненькія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі