NASA аб'явіла пра першыя вынікі аналізу грунту з астэроіда
![Жыццё не зарадзілася на нашай планеце, а было занесена на Зямлю з космасу](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-10/asteroid.jpg.webp?itok=1nE1Oa_C)
Жыццё не зарадзілася на нашай планеце, а было занесена на Зямлю з космасу / nasa.gov
NASA аб'явіла пра першыя вынікі аналізу грунту з астэроіда Бену, сабранага на адлегласці 3 млрд кіламетраў ад нашай планеты і дастаўленага на Зямлю амаль тры тыдні таму. Даследаванні хімічнага складу міжзоркавага пылу паказалі наяўнасць там вялікай колькасці вугляроду і вады. А гэта азначае, што там не выключана і прысутнасць арганічных злучэнняў — так званых "будаўнічых блокаў жыцця", з якіх створана ўсё жывое, уключаючы і нас з вамі, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Па словах навукоўцаў з Універсітэта Арызоны, якія праводзілі аналіз, гэтае адкрыццё з'яўляецца ўскосным пацвярджэннем гіпотэзы, згодна з якой жыццё не зарадзілася на нашай планеце першапачаткова, а было занесена на Зямлю з космасу.
На падарожжа да астэроіда спатрэбіліся чатыры з лішнім гады. Місія NASA OSIRIS-REx была запушчана яшчэ ў верасні 2016 года, а дабрацца да астэроіда і сабраць узоры грунту апарату ўдалося толькі ў кастрычніку 2020-га. Яшчэ тры гады спатрэбілася "Асірысу", каб вярнуцца назад.
![NASA аб'явіла пра першыя вынікі аналізу грунту з астэроіда](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/3d867c30-6909-11ee-a2d1-7d03bb88cfad.jpg.webp?itok=-l3n0eVE)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.