Народнай артыстцы Беларусі Таццяне Мархель споўнілася 75 гадоў

Яшчэ ў школе яна ўдзельнічала ў самадзейнасці. Пасля заканчэння медыцынскай вучэльні працавала ў Мінску медсястрой, затым вучылася ў медінстытуце, але кінула яго, бо зразумела, што яе пакліканне — тэатр.



Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Таццяна Мархель працавала ў Гродзенскім абласным драмтэатры, дзе была занятая ў такіх спектаклях, як “Экстраны выклік”, “Снежная каралева”, “Сэрца на далоні”. Затым акторка некаторы час працавала ў Казахстане, а потым вярнулася на радзіму і працавала ў Магілёве і Віцебску. Яна грала сусветную класіку, а таксама нацыянальную драматургію, у творах якой талент артысткі раскрыўся найбольш поўна. Найлепшым спектаклем з удзелам Мархель быў “Сымон-музыка”, дзе яна сыграла ролю Маці і ўпершыню ў жыцці заспявала на сцэне.



Яна выконвала беларускія народныя песні і была непаўторным інтэрпрэтатарам абрадавых цыклаў. Таццяна Мархель прадстаўляла Беларусь на фальклорных фестывалях у многіх краінах.



У 1987 годзе артыстка пераехала ў Мінск і працавала ў Тэатры-студыі кінаактора, а з 1994 года грае ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.



Імя Таццяны Мархель добра вядомае і аматарам кіно: яна знялася ў фільмах “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Анастасія Слуцкая”, “Тутэйшыя”, нагадвае БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі