Вы тут

Намеснік міністра: з Рассельгаснаглядам пайшоў канструктыўны дыялог

Ігар Брыло / СТВ

"Рынак Расіі быў, ёсць і будзе прэміяльным", — заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў інтэрв'ю тэлеканалу СТВ. 

Па словах чыноўніка, спрэчкі з Рассельгаснаглядам наконт паставак прадуктаў дысцыплінавалі беларускую галіну. "Зараз мы, можа быць, нават празмерна падыходзім да лабараторнага кантролю, якасці нашай прадукцыі і гэтак далей. Гэта значыць, трошкі яны нас сабралі ў кулак", — патлумачыў ён.

Брыло дадаў, што дыялог з расійскі бокам працягваецца. Пастаўкі з некаторых беларускіх прадпрыемстваў у Расію забароненыя, з іншых здымаюць санкцыі. "Але, тым не менш, дыялог ідзе. Дзякуй богу, што перайшоў у спакойны, канструктыўны дыялог. Бліжэйшым часам плануецца візіт нашага міністра да міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі", — акрэсліў чыноўнік перспектывы. 

Таксама намеснік міністра дадаў, што беларускія харчовыя прадпрыемствы вельмі хутка атрымалі сертыфікацыю ў Кітаі — усяго за два гады. А еўрапейская місія, якая наведала Беларусь у траўні, была прыемна здзіўленая нашымі прадпрыемствамі, падкрэсліў Брыло.