Начная прамова Пуціна: як на яе адрэагавалі сусветныя СМІ

Уладзімір Пуцін / kremlin.ru
Уладзімір Пуцін / kremlin.ru

Калі вы знаходзіцеся ва ўсходнім паўшар'і, то ўчора познім вечарам вы слухалі прамову Уладзіміра Пуціна. Калі вы знаходзіцеся ў заходнім паўшар'і — вы таксама яе слухалі.

Выпадкова ці наўмысна, але час трансляцыі быў абраны такім чынам, каб усе, ад Вашынгтона да Кіева, змаглі пачуць зварот Крамля анлайн. Нават у Пекіне ў хвіліны паслання ўжо займалася раніца.

Усю гэтую ноч амерыканскія і еўрапейскія СМІ рэфлексавалі і пісалі водгукі на прамову расійскага прэзідэнта. Кітайскія медыя не адставалі і спрабавалі падабраць узважаныя словы. Еўрарадыё коратка пераказвае, як журналісты ў розных краінах спрабавалі растлумачыць сваім чытачам, што здарылася.

 

BBC: "Часам гэта гучала як заяўка на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Украіны"

Начная прамова прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна была прасякнутая гневам, гістарычнымі крыўдамі і выклікамі Захаду, выносяць свой вердыкт карэспандэнты BBC у Кіеве.

Ночная речь Путина: как на неё отреагировали мировые СМИ
Галоўная старонка ВВС у аўторак раніцай / Еўрарадыё

Сара Рэйнсфард разгледзела ў гэтай прамове ледзь не заяўку Пуціна на ўдзел ва ўкраінскіх выбарах — відавочна, таму, што ў ёй было так шмат увагі аддадзена ўнутранаму ўкраінскаму парадку дня.

Але калі адкінуць іронію, журналістка рэзюмуе: з прамовы Пуціна яўна можна зрабіць выснову, што ён не адмаўляецца ад сваіх ключавых патрабаванняў па гарантыях бяспекі. Сяброўства Украіны ў НАТА — чырвоная рыса.

"Было такое адчуванне, што прэзідэнт Расіі пазбавіўся ад 20 з лішнім гадоў болю ў грудзях і нанёс удар у адказ.

"Вы не хацелі, каб мы былі сябрамі, — сказаў ён Захаду, — але вам не трэба было рабіць з нас ворага".

<...> Ён паскардзіўся, што асцярогі Расіі многія гады ігнараваліся як недарэчныя, і абвінаваціў Захад у спробах "стрымаць" Расію як глабальную сілу, якая адраджаецца".

 

Карэспандэнт ВВС Пол Адамс задаецца пытаннем, ці ёсць ва ўсім гэтым навука для Захаду? І нагадвае, што Пуцін наўпрост пытаецца, чаму НАТА зрабіла Расію ворагам. Адамс завочна адказвае расійскаму прэзідэнту, маўляў, альянс нічога такога не планаваў.

"Але заявы расійскага лідара яшчэ раз падкрэслілі, што Крэмль па-ранейшаму глыбока абураны тым, як склалася гісторыя".

Сам журналіст задаецца іншым пытаннем:

"У выпадку і ў той час, калі крызіс вакол Украіны ўдасца вырашыць, як НАТА і Расія змогуць сабраць усё па кавалачках?"

 

The Times: звычайна нават крытыкі прызнаюць, што гаворыць ён добра. Але не цяпер

Урок гісторыі, які гучаў у першай частцы выступу Пуціна, зачапіў многіх — не толькі ўкраінцаў.

Брытанская The Times піша: "Захаду можа не заўсёды падабацца тое, што кажа прэзідэнт Пуцін, але нават яго крытыкі прызнаюць, што звычайна ён гаворыць добра". Але не гэтым разам. І рэч менавіта ў гістарычным экскурсе.

"Учора, калі ён паведаміў нацыі, што Расія прызнае незалежнасць дзвюх падтрымоўваных Крамлём самаабвешчаных рэспублік на ўсходзе Украіны, яго рытарычныя здольнасці, здаецца, пакінулі яго", — піша выданне.

The Times крытыкуе Пуціна за ўрок гісторыі, згодна з якім "аўтар і архітэктар Украіны" — Уладзімір Ленін.

 

CNN: перарваны ўрок гісторыі

Амерыканцам гэты гістарычны экскурс таксама не спадабаўся. Яны пайшлі правераным шляхам і перарвалі прамову.

Ночная речь Путина: как на неё отреагировали мировые СМИ
Галоўная старонка CNN гэтай раніцай / Еўрарадыё

CNN трансляваў выступ Пуціна ў жывым эфіры з сінхронным перакладам. Але калі расійскі прэзідэнт падышоў да гістарычнай часткі, вядучая Дана Баш звярнулася да сваіх калег з просьбай пракаментаваць пачутае.

Пуцін у гэты час працягваў гаварыць як бы на фоне і бязгучна, а журналісты CNN пачалі аналізаваць тое, што ўжо прагучала. Адзін з іх выказаў здагадку, што Пуцін спрабуе падкрэсліць, што "Украіна заўсёды была часткай Расіі". Іншы адзначыў "пачуццё гістарычнай крыўды" Пуціна з прычыны наяўнасці ва Украіны ўласных тэрытарыяльных правоў. Трэці журналіст заўважыў, што ў Пуціна адчуваецца "яўная настальгія па Савецкім Саюзе".

 

Кітай: пад уплывам амерыканскай правакацыі

Пекін вельмі імкнецца не страціць раўнавагу. Ён не асуджае дзеянняў Расіі, але і не прызнае незалежнасці Данецка і Луганска. Настроі мясцовых СМІ і каментатараў у сацсетках даследавала амерыканскае выданне Washington Post.

У цэлым кітайскія СМІ ахарактарызавалі крызіс як "абвастрэнне пад уплывам амерыканскай правакацыі", піша ў сваім аналізе WP.

"Прасцей кажучы, Кітай павінен падтрымаць Расію эмацыйнай і маральнай падтрымкай, устрымліваючыся пры гэтым ад таго, каб наступаць на пяткі Злучаным Штатам і Еўрапейскаму саюзу",напісаў у сваім блогу WeChat папулярны аглядальнік і старшы рэдактар інфармацыйнага агенцтва "Сіньхуа" Мін Цзіньвэй.

Паводле яго слоў, "пасля таго, як Расія выставіла дакладныя і разумныя патрабаванні бяспекі, але была напышліва і груба адкінутая Злучанымі Штатамі, прыняцце Пуціным мер стала толькі пытаннем часу". Украінскі крызіс, піша ён, ёсць праверка расійска-кітайскіх адносін.

У падтрымцы Расіі можа быць і карыслівы матыў. На думку журналіста, у доўгатэрміновай перспектыве Пекін спрабуе заручыцца падтрымкай Расіі, калі будзе развязваць пытанне Тайваня.

Кітайскі аглядальнік Ху Сіцзінь, былы рэдактар дзяржаўнай газеты Global Times, пайшоў далей за стрыманыя заявы кітайскіх уладаў. Ён назваў прызнанне Расіяй рэгіёнаў мерай, якая дазваляе "выйсці з тупіка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі