Вы тут

Начальнік мінскай міліцыі патлумачыў "небяспеку чэргаў"

Іван Кубракоў / gaiminsk.by

Аказваецца, чэргі і жывыя ланцугі на мінскіх вуліцах міліцыі не падабаюцца тым, што нагадваюць трагедыю на Нямізе. Гэта вынікае са словаў начальніка ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёра міліцыі Івана Кубракова, якія перадае прэс-служба сталічнай міліцыі. 

"Просьбы міліцыянтаў не шыхтавацца ў чэргі і не праводзіць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы таксама не варта трактаваць у тым ключы, што навязвае Сеціва. Не імкнемся здушыць чужое меркаванне — толькі забяспечваем правапарадак, абараняючы жыццё і здароўе грамадзян. Або аднаго трагічнага ўрока, які здарыўся на Нямізе, нам недастаткова?" — заявіў Кубракоў. 

Верагодна, маецца на ўвазе штурханіна ў падземным пераходзе на Нямізе ў 1999 годзе, падчас якой загінулі 53 чалавекі і больш за 250 пацярпелі. Многія лічаць, што адной з прычынай трагедыі стала некампетэнтнасць міліцыі, якая не зрэагавала на сітуацыю, і непадрыхтаванасць гарадскіх уладаў. 

Якім чынам "жывы ланцужок" на вуліцы можа стаць прычынай трагедыі, кіраўнік сталічнай міліцыі ўдакладняць не стаў.

Згадаў Кубракоў і трэніроўкі АМАП, відэа з якіх перыядычна з'яўляецца ў беларускіх Telegram-каналах.

"Заняткі па фізічнай і агнявой падрыхтоўцы, выбыццё па ўмоўнай трывозе, іншыя трэніроўкі — нашы будні. Дарэмна некаторыя імкнуцца звязаць гэтыя дзеянні з нейкімі падзеямі. Каментары да выкладзеных у інтэрнэце відэазапісаў і фота пра нібыта пазапланавыя вучэнні не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю", — заявіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.