На юбілейным канцэрце J:Морс пакажа, як будзе гучаць у будучыні

Гурт J:Морс святкуе 15-годдзе! Юбілейны канцэрт з гэтай нагоды адбудзецца 22 лістапада ў сталічным Prime Hall.

"Пройдзены вось гэты балючы этап музыканцкага цынізму, які, мабыць, праходзяць усе людзі, якія доўга займаюцца музыкай, — падводзіць вынікі 15-годдзя лідар гурта Уладзімір Пугач. — То бок, у нейкі момант пачынаеш вельмі цынічна ставіцца да прастора-часавага кантыніюму вакол сябе і людзей. Бо шоў-бізнес — гэта такая энергаёмістая штука, дзе здараецца вельмі моцная прафесійная дэфармацыя. А наступны этап — гэта калі ты зноў становішся нармальным чалавекам. І вось цяпер у мяне этап, калі я гэтую справу нейкім чынам шчасліва перарос. Сталі цікавіць простыя радасці, як, напрыклад, юбілей гурта".

Праграма юбілейнага канцэрта будзе ахопліваць розныя этапы творчасці J:Морс. Прагучаць песні, якія даўно не гучалі, але, кажа Уладзімір, слухачы пачуюць і шмат новых песень, якія складуць будучую кружэлку калектыву:

"Гэта будзе ў нейкай ступені маленькі крок у бок таго, як будзе выглядаць і гучаць J:Морс у будучыні. Таму што для нас 15-годдзе ў меншай ступені з'яўляецца падвядзеннем вынікаў і астатнім пафасам. Гэта проста пэўны этап. Чаму б яго не выкарыстаць у якасці нагоды для вялікага канцэрта?"

Больш падрабязную інфармацыю пра канцэрт гурт агучыць на наступным тыдні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі