На стварэнне праекту мемарыялу ў Курапатах даюць усяго тры з паловай тыдні

На стварэнне праекту мемарыялу ў Курапатах даюць усяго тры з паловай тыдні

У Курапатах збіраюцца паставіць помнік “усім бязвінным ахвярам ХХ стагоддзя”. Гэта вынікае з дакументаў, якія датычаць стварэння мэмарыяльнага знаку ў Курапатах і якія аказаліся ў распараджэнні Радыё Свабода.

З дакументаў вынікае, што конкурс абвешчаны паводле загаду № 69 Міністэрства культуры ад 24 сакавіка 2017 году. Мэта конкурсу:  “Пошук найбольш выразнага мастацкага адбітку вобразу урочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння”.

Дакументы разасланыя ў зацікаўленыя арганізацыі 28 сакавіка 2017 года.

Праекты можна падаваць да 26 красавіка 2017 года, а вынікі будуць падведзеныя журы 1 траўня 2017 году. Актывісты ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў” звярнулі ўвагу, што ў Палажэнні пра конкурс сцвярджаецца, што памятны знак павінен быць прысвечаны «трагічным падзеям, якія адбыліся ў гэтым месцы, і адлюстроўваць ідэю ўвекавечання памяці ўсіх бязвінна загінуўшых ахвяр ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі”.

У інтэрв’ю Радыё Свабоды сябра ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і адзін з арганізатараў выставы “Праўда пра Курапаты” Вінцук Вячорка сярод іншага адзначыў, што ва ўмовах конкурсу патрабуецца падаць горадабудаўнічы план вырашэння прасторы вакол помніка, і гэта тады, калі дагэтуль не развязанае пытанне вяртання справядлівых ахоўных межаў. Таксама Вячорка лічыць “абсалютна ненармальным” функцыянальны час на падачу заявак і праектаў. “Гэта фактычна тры з паловай тыдні, а там жа пералічаныя вельмі сур’ёзныя мастацкія абгрунтаванні. Я не ўяўляю сабе, каб людзі, якія сур’ёзна і з адказнасцю ставяцца да сваёй працы і такога выкліку, маглі б паспець якасна гэта зрабіць”, — сказаў Вячорка.

На падвядзенне вынікаў журы, якое застаецца ананімным, адпушчана менш за тыдзень. “Гэта настолькі кан’юнктурна, што робіцца зразумелым: або тут разлік на тое, што ніхто не падасць, бо не паспее і не справіцца, або ў іх ужо ёсць напагатове нейкая версія дзяжурнага помніка”, — разважае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі