На першым аўкцыёне кватэраў у Мінску сапраўдны ажыятаж

Сабралася чарга людзей, якія спадзяюцца набыць жыллё адразу і танна.
25 ліпеня будзе распрададзена 19 кватэраў новага дома па вуліцы Прытыцкага, 49. У ролі арганізатараў мерапрыемства выступіў “Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці”. У якасці прадаўца Акцыянернае таварыства “МАПИД”, якое непасрэдна займалася будаўніцтам самога дома.

Увесь аўкцыён падзяляецца на чатыры часткі па колькасці пад’ездаў у доме. Кожная з іх будзе праходзіць у розныя дні. Першыя 19 кватэраў распрададуць ужо 25 ліпеня. Усяго будзе выстаўлена 86 кватэраў.

Карэспандэнт Еўрарадыё завітаў у “Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці”, каб дазнацца падрабязнасці правядзення аўкцыёну. Першы намеснік дырэктара Валянцін Шнэйдэр распавёў, што на яго памяці гэта першы аўкцыён такога кшталту. Пра дакладную колькасць людзей, якія ўжо пажадалі прыняць удзел у аўкцыёне, звестак няма. Гэта з’яўляецца тайнай правядзення аўкцыёнаў.

Першапачатковы кошт кватэраў вагаецца ад 80 да амаль 173 мільёнаў рублёў (у залежнасці ад колькасці пакояў ад аднаго да чатырох). Атрымліваецца, што 1 квадратны метр жылля ў новым доме першапачаткова каштуе ў межах 886 - 933 долараў. Паўдзельнічаць можа кожны грамадзянін Беларусі, які будзе здольны выплаціць увесь кошт кватэры ў чатырнаццацідзённы перыяд.

Каб прыняць удзел у аўкцыёне спачатку трэба падаць заяву арганізатару, заплаціць рэгістрацыйны ўнёсак 45 тысячаў рублёў, які не вяртаецца нават тады, калі набыць кватэру ў вас не атрымаецца, і ўнесці задатак у суме 10 адсоткаў ад пачатковага кошту лота. Але гэты задатак у дзесяцідзённы перыяд вернецца да гаспадара, у выпадку пройгрышнага варыянта.

Тым, каму пашанцуе, задатак пойдзе ў залік кошту набываемага жылля. Да таго ж шчаслівы ўладальнік кватэры будзе абавязаны выплаціць 1.5 адсоткі ад кошту пакупкі арганізатарам, дый і афармленне папераў таксама цалкам ляжа на ягоныя плечы.

Падавалася б не вельмі выгадныя ўмовы, але ўжо за два дні да першага аўкцыёна ў “Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці” карэспандэнт Еўрарадыё ўбачыў чаргу. Каля 30 чалавек чакалі рэгістрацыі ў маленькім холе будынка. З некаторым з іх атрымалася паразмаўляць.

-- (кар) Чаму вы вырашылі прыняць удзел у аўкцыёне?

-- Не ведаю. Спадзяюся, што кошт будзе ніжэйшы. Першапачаткова мы хацелі набыць кватэру праз долевае будаўніцтва, якога зара нідзе няма. І паколькі яго няма – мы выбралі аўкцыён. Аўкцыён вельмі непрадказальная з’ява – тут можна, як і танна, так і дорага набыць кватэру.

Але не ўсе ўпэўненыя, што кошты будуць такімі ўжо малымі:

-- (кар) Як вы лічыце, ці выгадна прымаць удзел у такіх аукцыёнах?

-- Адназначна цяжка сказаць. Напэўна ж. Калі людзі ўдзельнічаюць – значыць выгадна.

-- (кар) Можа прасцей набыць праз аўкцыён?

-- Можа быць прасцей у тым плане, што адразу заплаціў і лічы што ўжо з кватэрай.

-- (кар) А па кошце? Як вы лічыце, ці будзе гэта танней, чым долевае будаўніцтва?

-- Па кошце – тут цяжка сказаць, дзе танней, дзе даражэй. Хутчэй за ўсё, тут даражэй будзе.

Але знайшліся і тыя, хто ўжо перадумаў спаборнічаць за “больш танныя метры”. Вось як яны каментавалі сваю адмову:

-- Людзей вельмі шмат будзе. Гэта бессэнсоўны занятак. Будзе звычайны камерцыйны кошт за жыллё. Ці вы думаеце, што ў нас можа быць нешта танней? (смяецца) Не, у нас добра ніколі нічога не будзе.

Дарэчы. Як распавёў Еўрарыё ахоўнік, такі ажыятаж з’явіўся толькі ў перадапошні дзень. Дагэтуль жадаючых прыняць удзел было не шмат.

Пра тое, апраўдае сябе гэты эксперымент або не, адпаведна ці варта набываць кватэры праз аўкцыён, слухайце на нашым эфіры ў чацвер.

На фота дом, кватэры ў якім выстаўлены на аукцыён

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі