На новым месцы: як жывуць беларусы, прыехаўшы ў Літву па гуманітарным калідоры

Акцыя салідарнасці жыхароў Вільні з беларусамі 23 жніўня 2020 года / "Новая газета — Балтия" 
Акцыя салідарнасці жыхароў Вільні з беларусамі 23 жніўня 2020 года / "Новая газета — Балтия" 

У сярэдзіне жніўня Літва адкрыла гуманітарны калідор для беларусаў. Рашэнне было звязана з жорсткім задушэннем мірных пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Да 21 кастрычніка дазвол на прыбыццё ў Літву атрымалі 507 грамадзян Беларусі — 139 з іх прыехалі. "Новая газета — Балтия" расказвае пра тое, хто яны — уцекачы ў Літву па гуманітарным калідоры, як прайшоў пераезд, з якімі праблемамі сутыкаюцца і хто ім дапамагае.

Сяргей Краўчанка: я на маршы нёс герб "Пагоня" вагой 20 кг — знайшоў у дзеда

Сяргей Краўчанка з жонкай і двума дзецьмі жыве ў Літве месяц. Ён з'ехаў з Беларусі пасля таго, як яму паведамілі пра крымінальную справу, што рыхтуецца супраць яго.

У Рэчыцы Сяргей працаваў на "Беларусьнафце". Ён запісаў відэазварот да калег і заклікаў іх думаць сваёй галавой і на падставе сваіх рашэнняў дзейнічаць — улады палічылі гэта заклікам да масавых беспарадкаў. Сяргей і яго сям'я актыўна не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці — яны зрэдку рабілі допісы ў сацыяльных сетках, і на гэтым актыўнасць канчалася. "У нас двое маленькіх дзяцей, тут ужо без варыянтаў: было страшна, ды ўсім страшна", — кажа Сяргей.

Усё змянілася пасля таго, як у СМІ пачала з'яўляцца інфармацыя пра гвалт супраць дэманстрантаў.

"Складана было змірыцца, што такое адбываецца ў мірнай краіне. Мы вырашылі, што трэба нешта рабіць. Мы з жонкай пачалі выходзіць і стаяць у ланцугах салідарнасці. Быў марш за незалежную Беларусь у Рэчыцы: з насельніцтвам 66 тысяч чалавек выйшла па мінімальных падліках 2 тысячы чалавек. Я на маршы нёс герб "Пагоня" вагой 20 кг — знайшоў у дзеда. Рукі жорстка зацякалі, але я разумеў, што не адпушчу яго. Дзе тыя 80%, якія нібыта галасавалі за Лукашэнку?" — расказвае Сяргей.

Пасля запісу відэазвароту Сяргей папрасіў начальніка пра звальненне і на ўсялякі выпадак паехаў з сям'ёй з Рэчыцы да сваякоў. Пазней з ім звязаліся людзі з "Страны для жизни" — праекта Сяргея Ціханоўскага — і папярэдзілі, што трэба ехаць не да сваякоў, а куды-небудзь далей. Цяпер у Беларусі на Сяргея заведзена крымінальная справа.

На новом месте: как живут белорусы, приехавшие в Литву по гуманитарному коридору
Сяргей Краўчанка / "Новая газета — Балтия"

"Каб уладкавацца на працу, патрэбна даведка аб несудзімасці. Якую трэба ўзяць у амбасадзе"

На беларускай мяжы сям'ю выпусцілі без праблем.

"Віз у нас не было. Мы сказалі, што ёсць дамоўленасці на літоўскім баку. Памежнікі кажуць: добра. І аддаюць тры пашпарты: жонкі і дзяцей. Мой пашпарт забіраюць. Жонка пацалавала мяне ў лоб і сказала: мы цябе любім. Мы разумелі рызыкі і загадзя дамовіліся, што, калі мяне здымуць, жонка з дзецьмі з'едзе ў кожным разе. Усё абышлося, мой пашпарт праверылі і вярнулі", — працягвае Сяргей.

На літоўскай мяжы сям'я з двума дзецьмі правяла больш за пяць гадзін — тады беларусы толькі пачыналі прыязджаць па гуманітарным калідоры.

"Мы паведамілі, што едзем у Літву з гуманітарнымі мэтамі і мы ўнесеныя ў спісы, гэту інфармацыю пачалі правяраць. Нас размясцілі ў асобным пакоі. Мы там правялі доўгі час з дзецьмі, пакуль чакалі афармлення", — успамінае мужчына.

У Літве з сям'ёй Сяргея звязалася арганізацыя беларусаў Літвы Dapamoga: забраніравалі гасцініцу, дзе сям'я павінна была прайсці 14-дзённы каранцін. Аднак жыць у гасцініцы з дзецьмі аднаго і трох гадоў аказалася нязручна, і знаёмыя Сяргея прапанавалі правесці каранцін на іх дачы. Цяпер сям'я жыве на наёмнай кватэры. "У Літве складана зняць кватэру, калі ёсць дзеці. Арэндадаўцы даведваюцца пра дзяцей ва ўзросце аднаго і трох гадоў і адмаўляюць", — кажа Сяргей.

Ментар ад "Дапамогі" дапамагла беларусам з візітам у міграцыйны дэпартамент і з афармленнем дакументаў. Цяпер Сяргей чакае нацыянальную візу, якая дазволіць яму працаваць.

"Я ўжо тэлефанаваў па некаторых аб'явах. Я электраманцёр па адукацыі, у некаторых месцах мне ўжо сказалі, што гатовыя прыняць на працу, калі будуць гатовыя дакументы. І тут яшчэ, дарэчы, адна складанасць: каб уладкавацца на працу, патрэбна даведка аб несудзімасці. Якую трэба ўзяць у амбасадзе. Я разумею, што ў лепшым выпадку мяне проста пашлюць у амбасадзе, а ў горшым — праца ўжо не спатрэбіцца", — расказвае мужчына.

Сярод іншых складанасцяў міграцыі Сяргей называе стрэс і фінансавае пытанне.

"Цяжкасць эміграцыі — гэта неймаверны стрэс. Калі без візы перасякаеш мяжу з дзецьмі, думаеш, як гэта пройдзе. Ужо ў Літве мы зразумелі, што тут цэны нашмат вышэйшыя. Мы не адчулі гэтых цяжкасцяў цалкам, таму што прыехалі з нейкай сумай грошай. Беларускія фонды салідарнасці цяпер нагружаныя, пакуль разглядаюцца заяўкі, дапамогі трэба чакаць. Калі б мы прыехалі наогул без грошай, нам бы, вядома, дапамаглі, я ўпэўнены ў гэтым. "Дапамога" звязвалася з намі, пыталіся, ці патрэбныя рэчы або нешта яшчэ", — працягвае Сяргей.

На пытанне пра магчымае вяртанне ў Беларусь мужчына адказвае проста: гэта залежыць ад развіцця сітуацыі ў краіне.

"Дзе б ты ні быў, лепш, чым на радзіме, нідзе не будзе. Я хачу жыць, хачу выгадаваць сваіх дзяцей. Калі сітуацыя будзе расцягвацца, хутчэй за ўсё, я ўладкуюся ў Літве, пачну ўкараняцца, магчыма, буду прыязджаць у Беларусь да сваякоў. Але я веру ў беларускі народ", — кажа Сяргей.

На новом месте: как живут белорусы, приехавшие в Литву по гуманитарному коридору
Наталля Калегава, фота са старонкі ў "Фэйсбуку"

Dapamoga

Наталля Калегава даўно пераехала ў Вільню з Беларусі. Цяпер у яе свой бізнес у сферы арэнды апартаментаў. Спачатку Наталля ў прыватным парадку дапамагала першым рэлакантам, пазней да яе далучыліся валанцёры — так з'явілася аб'яднанне беларусаў Літвы Dapamoga. Цяпер у "Дапамогі" 120 падапечных, яшчэ 10 — на падыходзе.

"Людзі знайшлі нашы апартаменты ў сацыяльных сетках. Патэлефанавалі і спыталі: вы можаце нам дапамагчы? Мы перайшлі мяжу і самі знаходзімся ў Эйшышкес. Мы адказалі — добра. Прыехалі па іх. Людзі да гэтага нават ні разу не былі за мяжой, яны з маленькага горада Новалукомль у Віцебскай вобласці, — успамінае Наталля першую сустрэчу з рэлакантамі 29 жніўня. — Захацелася ім дапамагчы, мы пасялілі іх у сваіх апартаментах. Яны не прасілі пра тое, каб іх прынялі бясплатна. Грошай, вядома, яны не маглі заплаціць: у іх было на ўсю сям'ю 200 еўра і трэба было думаць, як далей ім існаваць".

Пазней былі сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Літвы: з Дэпартамента міграцыі, з памежнага камітэта. У той жа час простыя людзі падхапілі ідэю дапамогі тым, хто пераехаў, — так утварылася ініцыятыва ментарства, калі за кожнай сям'ёй, якая пераехала, замацоўваецца чалавек, што дапамагае па надзённых пытаннях: ад пошуку жылля і афармлення дакументаў да куплі ежы і неабходных рэчаў.

Арганізацыя "Дапамога" існуе толькі на ахвяраванні. На пытанне пра тое, з якімі праблемамі сутыкаецца арганізацыя і тыя, хто пераехаў, Наталля адказвае выразна: гэта розніца паміж тымі, хто прыехаў па прытулак і па гуманітарным калідоры. І гэта пытанне — фінансавае.

"Па сутнасці, гэта адны і тыя ж людзі. Гуманітарны калідор і віза D даюць магчымасць людзям адразу працаваць. Але гэта платная паслуга. Віза D каштуе 60 еўра, страхоўка на дзіця — каля 200 еўра, на дарослага — каля 80 еўра. Пры бежанстве ўсё гэта робіцца бясплатна. Часцей за ўсё ў людзей проста няма грошай на гэтыя паслугі", — тлумачыць Наталля.

Але ў цэлым, кажа Наталля, вырашыць бытавыя пытанні тым, хто пераехаў, рэальна: з візай D можна адкрыць рахункі ў Paysera або Revolut — гэтыя пляцоўкі досыць лёгка працуюць з замежнікамі:

Знайсці працу і рускамоўныя школы для дзяцей таксама не праблема. "Калі ты быў менеджарам, трэба разумець, што паўгода давядзецца павучыць мову, папрацаваць у іншай сферы, можа нават фізічна. Я таксама прыехала 20 гадоў таму і не стала адразу гаспадыняй бізнесу — былі розныя моманты".

Дырэктар "Дапамогі" раіць беларусам не факусавацца толькі на Вільні і разгледзець магчымасць пераязджаць у іншыя гарады Літвы. У арганізацыі ўжо ёсць досвед паспяховага размяшчэння рэлакантаў у рэгіёнах.

"Адна сям'я ўцякла са Жлобіна, яны там займаліся праваабарончай дзейнасцю і дапамагалі людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. У іх трое зусім маленькіх дзяцей. У адзін дзень тату проста ў дзіцячым садку на вачах у дзіцяці паклалі тварам у падлогу, каб забраць ключы ад кватэры і вынесці адтуль аргтэхніку. Рыхтаваліся дакументы на адабранне дзяцей. Мы вельмі хутка дапамаглі ім з дакументамі, яны прайшлі мяжу, і мы іх адправілі на каранцін з далейшым пражываннем у Лентварыс. Калі там апынуліся першыя беларускія ўцекачы, вялізная колькасць мясцовых пачалі дапамагаць: хтосьці гароднінай са свайго саду, хтосьці сушылку, хтосьці тэлевізар. Цяпер чалавеку ўжо шукаюць працу. Лентварыс — вельмі блізка да Вільні, пражыванне там камфортнае, ёсць школы, дзіцячыя сады, у тым ліку рускамоўныя. Літва — маленькая краіна, можна трохі разгрупавацца і паглядзець, дзе камфортней", — кажа дырэктар "Дапамогі".

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі