На мяжы падлічаць набытыя вамі шкарпэткі і занясуць у базу

Мытнікі лічаць, колькі пар шкарпэтак вы правозіце праз мяжу, як часта там бываеце, каб стварыць базу на ўсіх, хто часта вандруе Верагодна, хутка без выплаты пошлін можна будзе правозіць тавараў на суму не ў 1 тысячу еўра, як зараз, а толькі на 200 еўра. Але не ўсе беларусы да гэтага часу ведаюць, што ўжо год мытнікі не толькі ацэньваюць кошты, але і падлічваюць шкарпэткі. Адзін раз на два месяцы можна правезці не больш за тры адзінкі аднаго наймення тавару, але не больш за 10 найменняў. Адзін раз на месяц — тры адзінкі аднаго віду, але не больш за тры найменні. Калі жа вы ездзіце за мяжу часцей, чым адзін раз на тыдзень, то можаце правезці толькі адну адзінку і толькі аднаго наймення тавараў. Улічваецца, наколькі часта чалавек у тое замежжа выязджае, склад яго сям’і, месца працы і ці працуе ён ўвогуле....

Выканаўца абавязкаў начальніка Гомельскай мытні Расціслаў Кузняцоў гаворыць Еўрарадыё, што гэтыя “метадычныя рэкамендацыі” неабходныя, каб стварыць адпаведную базу на людзей, якія часта выязджаюць за мяжу.

Расціслаў Кузняцоў: “Скажам так: гэта дакумент абмежаванага дзеяння, па якім мы назапашваем інфармацыю. Гэта не для грамадзян, якія абавязаныя яе ведаць. 100 адсоткаў усіх глядзяць супрацоўнікі мытні, назапашваюць інфармацыю”.

Паводле яго слоў, мытнікі абавязкова праглядаюць колькасць рэчаў, што правозяцца турыстам праз мяжу, і “кансультуюцца” з базай назапашанай інфармацыі.

Расціслаў Кузняцоў: “Аналізуючы базу па канкрэтным грамадзяніне, мытнік вырашае: прапускаць яго бяспошлінна ці з выплатай мытных плацяжоў. Калі грамадзянін адмаўляецца, то мы выдаем адказ — і ён вяртаецца на тэрыторыю сумежнай дзяржавы, мае права там распарадзіцца сваімі таварамі, якія не могуць быць правезеныя ў ільготным парадку”.

Расціслаў Кузняцоў сцвярджае, што мытнікі найперш адсочваюць камерцыйныя партыі тавару. Але праблемы могуць узнікнуць нават калі колькасць рэчаў аднаго наймення нязначна перавышае дазволеную.

Расціслаў Кузняцоў: “Індывідуальны падыход да кожнага. Калі будзе ехаць грамадзянін і везці, умоўна кажучы, 5 пар шкарпэтак, ніхто яму нічога не скажа на тое, што ў яго іх 5 пар. Але калі ён вязе 5 скураных куртак ці джынсаў аднолькавага памеру і колеру, ці нават розных памераў — мы, канечне, пацікавімся складам яго сям’і. Ён скажа: “Я адзін”. Мы скажам: “А навошта вам 5 пар?” Дзве, да прыкладу, прапусцім, тры можам абкласці”.

Апошняе слова застаецца за мытнікам.

Расціслаў Кузняцоў: “Супрацоўнік мытні мае права на свой погляд вызначаць характар рэчаў, што правозяцца, частату — і прымаць рашэнне: прапусціць гэтага грамадзяніна ў такім парадку ці прапусціць не ў такім парадку, альбо яму адмовіць”.

Амаль месяц таму старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі заявіў, што мытнікі падрыхтавалі дакумент, згодна з якім без выплаты пошлін можна будзе правозіць тавараў на суму не ў 1 тысячу еўра, як зараз, а толькі на 200 еўра. Паводле слоў выконваючага абавязкі начальніка Гомельскай мытні, дакумент гэты пакуль не падпісаны прэзідэнтам.

Расціслаў Кузняцоў: “Дакумент, наколькі мне вядома, знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта і пакуль рашэнне не прынятае. Таму сёння цяжка сказаць, што будзе”.

Разам з тым частка тавараў, за правоз якіх раней абавязкова бралі мытную пошліну, зараз, магчыма, можна будзе правозіць бясплатна.

Пра гэта паведаміў Еўрарадыё выконваючы абавязкі начальніка Гомельскай мытні Расціслаў Кузняцоў.

Расціслаў Кузняцоў: “Хочуць прыбраць дадатак №2 да ўказа прэзідэнта № 503 “Аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі праз мытную мяжу”.

Паводле гэтага ўказу, абавязкова трапляюць пад абкладанне мытнымі плацяжамі будаўнічыя матэрыялы (зараз пошліна 4 еўра за кіло), маніторы (ад 50 да 110 еўра), пральныя машыны (ад 50 да 110 еўра), халадзільнікі (40 еўра).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі