На мітынг каля Лошыцкага яра прыйшло каля 40 чалавек

На мітынг каля Лошыцкага яра прыйшло каля 40 чалавек

У Мінску адбылася традыцыйная акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля Лошыцкага яра. Гэтая акцыя звычайна адбываецца праз тыдзень пасля акцыі "Дзяды" ў Курапатах. Яе ладзяць сябры апазіцыйнай Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Як паведамляе БелаПАН, на дазволеную гарадскімі ўладамі акцыю прыйшлі каля 40 чалавек. Удзельнікі прайшлі шэсцем уздоўж вуліцы Маякоўскага, а потам адбыўся 30-хвілінны мітынг каля крыжа ў памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору ля Лошыцкага яра.

Прысутным зачыталі пасланне лідэра КХП-БНФ, палітэмігранта Зянона Пазьняка. Палітык згадаў пра "генацыд народа, які ажыццяўлялі на беларускай зямлі акупанты". Ён адзначыў, што помнікі, якія паставілі акупанты на беларускай зямлі, неабходна ліквідаваць.

У сваім пасланні Пазьняк адзначыў, што згодна з даследаваннямі, у 1937 годзе ў Лошыцкім яры было забіта каля 10 тысяч чалавек. Таксама ён нагадаў, што акрамя Курапатаў і Лошыцы ў Мінску ёсць іншыя вядомыя месцы расстрэлаў і пахаванняў у сталінскія часы — парк Чалюскінцаў і лецішча міністра дзяржбяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы ў Сляпянцы. "Таксама ў самым цэнтры Мінска, на тэрыторыі першай клінічнай бальніцы, знаходзіцца месца бальшавіцкіх расстрэлаў людзей у 1919-1921 гадах, калі мінчукоў хапалі проста на вуліцах і цягнулі на расстрэл. Тады там быў Камароўскі лес. Калі ў 1928-1929 гадах капалі падмуркі пад карпусы лякарні, то выкопвалі горы чалавечых костак", — цытуе БелаПАН яго словы.

Намеснік старшыні партыі Юрый Беленькі ў сваім выступе заявіў, што пагроза для Беларусі з усходу застаецца і цяпер, бо наша краіна "знаходзіцца ў закладніках" з-за ваеннага супрацоўніцтва з Масквой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі