На Елісейскіх палях Парыжа забіты паліцыянт, яшчэ два параненыя

На Елісейскіх палях Парыжа забіты паліцыянт, яшчэ два параненыя

Тэракт адбыўся ў цэнтры Парыжа ўвечары ў чацвер. На Елісейскіх палях мужчына пачаў страляніну, у выніку якой загінуў адзін паліцыянт, а яшчэ два атрымалі раненні. Нападніка застрэлілі. 

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў, што напад на Елісейскіх палях насіў тэрарыстычны характар.

Пракурор Парыжа Франсуа Мален заявіў, што асоба нападніка высветленая. Аднак яго імя не назавуць, пакуль не даведаюцца, ці былі ў яго саўдзельнікі. 

Экстрэмісцкая групоўка "Ісламская дзяржава" ўзяла на сябе адказнасць за гэты тэракт і заявіла, што нападнік быў адным з яе "байцоў", перадае Бі-Бі-Сі. Паводле гэтай групоўкі, напад учыніў "Абу Юсеф-бельгіец".

Французскія СМІ інфармуюць, што нападнік — 39-гадовы грамадзянін Францыі. Ён вядомы французскім спецслужбам, у мессенджеры Telegram мужчына абмяркоўваў свой намер забіць паліцыянтаў.

Як паведамляе МУС Францыі, аўтамабіль з тэрарыстам спыніўся каля паліцэйскага аўтобуса каля 21-й гадзіны паводле мясцовага часу. Мужчына выйшаў з машыны і адкрыў агонь з аўтамата. Па словах відавочцаў, узброены ён быў аўтаматам Калашнікава.

Пасля забойства паліцыянта нападнік паспрабаваў уцячы, адстрэльваючыся ад іншых паліцыянтаў. Пры гэтым ён параніў двух з іх. Паведамляецца таксама, што быў паранены выпадковы мінак.

Самога тэрарыста застрэлілі агнём у адказ.

Паліцыя ачапіла раён Елісейскіх палёў і эвакуявала адтуль усіх людзей. Перад гэтым многія наведвальнікі кавярняў і крамаў апынуліся заблакаванымі ў памяшканнях — на вуліцу іх не выпускалі.

У Францыі дзейнічае надзвычайнае становішча, уведзенае пасля серыі тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года. Тады загінулі 130 чалавек.

А 23 красавіка ў краіне пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі