Вы тут

На Брэстчыне жыхароў заклікаюць выйсці на палі шукаць метэарыт

pixabay.com

Жыхароў Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў заклікаюць выйсці на палі шукаць метэарыт. Ён упаў дзесьці на мяжы гэтых раёнаў уначы 7 студзеня. Як піша пружанская газета "Раённыя будні", днямі туды прыязджалі навукоўцы — спецыялісты Польскай лабараторыі камет і метэораў (у Польшчы некалькі фотакамер зафіксавалі пралёт метэарыта ў бок Беларусі). Яны збіралі сведчанні людзей пра здарэнне. Спецыялісты не выключаюць, што метэарыт падчас палёту праз атмасферу важыў да 500 кілаграмаў, а пры падзенні — да 100 кг. Ён мог падзяліцца на дробныя кавалкі — ад 50 кілаграмаў да 100 грамаў.

Як піша выданне, навукоўцы заклікаюць мясцовых жыхароў як мага хутчэй пачаць пошукі метэарыта. Пакуль ён можа ляжаць на паверхні зямлі, але з пачаткам палявых сельскагаспадарчых працаў знайсці рэшткі касмічнага госця практычна немагчыма. Мяркуецца, што метэарыт быў жалезны, чорнага колеру, яго кавалкі будуць параўнальна цяжкімі.