МЗС пракаментаваў працягненне ЕС санкцый супраць уладаў Беларусі

МЗС пракаментаваў працягненне ЕС санкцый супраць уладаў Беларусі

МЗС Беларусі пракаментаваў працягненне Еўрасаюзам абмежавальных мераў супраць уладаў нашай краіны. Савет ЕС працягнуў іх дзеянне на год, да 28 лютага 2019-га. У Мінску заявілі, што такое рашэнне "не адпавядае духу нармальных партнёрскіх адносін".

Пад санкцыямі застаюцца пастаўкі зброі, працягнута забарона на экспарт тавараў, якія можна скарыстаць для рэпрэсій унутры краіны, застаюцца замарожанымі актывы чатырох чалавек (Віктара Шэймана, Уладзіміра Навумава, Дзмітрыя Паўлічэнкі і Юрыя Сівакова), якіх падазраюць у дачыненні да знікнення апазіцыйных дзеячоў (яны застаюцца і ў "чорным спісе", фігурантам якога забронены ўезд у ЕС). У той жа час дазволены экспарт ў Беларусь паляўнічай і спартовай малакалібернай зброі.

Як вядома, у лютым 2016-га ЕС прыбраў з "чорнага спісу" беларускія прадпрыемствы і 170 чалавек, у тым ліку і Аляксандра Лукашэнку. Было адзначана паляпшэнне ў сітуацыі з правамі чалавека.

Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык у каментары да працягнення абмежавальных санкцый адзначыў, што яны ад пачатку мелі "неабгрунтаваны характар" (іх увялі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года). Ён нагадаў, што Мінск выступае "супраць выкарыстання аднабаковых санкцыйных метадаў у міжнародных адносінах". Іх працягненне "не адпавядае духу нармальных партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і ЕС".

Мірончык падкрэсліў: Беларусь нацэленая на развіццё прагматычнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ЕС без якіх-небудзь санкцый і палітычных абмежаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі