МЗС: “Намеру накіроўваць нашу дэлегацыю ў Давос не было”
20 студзеня адкрываецца Сусветны эканамічны форум у Давосе. Галоўная тэма — “Асваенне чацвёртай прамысловай рэвалюцыі”.
На форум збярэцца больш за 2,5 тысячы ўдзельнікаў. У тым ліку больш за 50 дзяржаўных лідараў.
Расійскую дэлегацыю ўзначальвае ўпаўнаважаны прадстаўнік Пуціна на Далёкім Усходзе Юрый Трутнеў. Упершыню за шмат гадоў на форуме чакаюць старшыню Банка Расіі. Пётр Парашэнка і міністр фінансаў Наталля Ярэська прадстаўляюць Украіну.
А вось афіцыйнай дэлегацыі ад Беларусі не будзе. У Міністэрстве эканомікі не змаглі патлумачыць, чаму, параілі патэлефанаваць у Міністэрства замежных спраў, маўляў, там займаюцца ўсімі міжнароднымі дэлегацыямі. У МЗС адказалі, што нават “намеру накіроўваць нашую дэлегацыю ў Давос не было”.
На эканамічным форуме таксама будуць падымацца гарачыя пытанні цяперашняга часу: падзенне цэнаў на нафту, запаволенне росту эканомікі Кітая, скасаванне санкцый супраць Ірана, нелегальная міграцыя, пагроза ісламскага тэрарызму, канфлікт на ўсходзе Украіны.
Эканамічны форум у Давосе працягнецца да 23 студзеня. За гэты час плануецца правесці больш за 300 сесій і сустрэчаў.