Моладзевая акцыя на Дзень святога Валянціна

Збор удзельнікаў святкавання Дня святога Валянціна ў Мінску быў прызначаны на 18 гадзінаў на плошчы Свабоды.
У выпадку яе перакрыцця супрацоўнікамі міліцыі, акцыю вырашылі пачынаць побач, каля кафедральнага касцёла.

Маладафронтаўцы нават замовілі імшу за хрысціянскую любоў ды Божае дабраславенне Беларусі. Праўда, яе чамусьці не было. Вось што распавяла нам моладзевая актывістка Каця, якая ў касцёле чакала пачатка акцыі:

“Мы прыйшлі каб адзначыць Дзень святога Валянціна. Спадзяемся, Божа нас благаславіць на гэтае свята. Супрацоўнікі спецслужбаў сачылі за намі ад пад’ездаў. Да некаторых хлапцоў нават падыходзілі і абшуквалі. А нашых актывістаў Змітра Хведарука і Алега Еорбана нават выклікалі на дапрос у КДБ.”

У прызначаны час плошча Свабоды была перакрытая супрацоўнікамі спецслужбаў у чорным. З боку Ратушы сабраліся каля 30-ці актывістаў. Людзі разгарнулі расцяжкі “Малады Фронт” і “Акцыя Любові”.

Дзяўчынкі, апранутыя пад анёлаў, з сэрцам і контурам Беларусі на грудзях, віншавалі мінакоў са святам і раздавалі “валянцінкі”. Што гэта сымвалізуе, мы паспыталі ў аднаго з такіх “анёлаў”:

“Я бяру ўддзел у гэтай акцыі каб прызнацца ў любові роднай краіне. Каб выказаць салідарнасць з нашымі зняволенымі братамі. У мяне вось на грудзях сэрца, а ў ім контуры Беларусі. Гэта паказвае нашу любоў да роднай краіны. А на крылах – ланцугі, якія сымвалізуюць спробы рэжыма нас зняволіць, але ў іх нічога не атрымаецца.

Страха даўно ўжо няма. Сапраўды, хіба можна думаць пра страх, калі нашыя браты за кратамі. Разумееце, калі мы зараз не станем на абарону зняволеных, на абарону краіны, мы проста згубім нашу Радзіму.”


Праз пэўны час удзельнікі акцыі рушылі да французскай амбасады. Над натоўпам былі ўзнятыя два бел-чырвона-белыя сцягі і штандар Еўрасаюза.

Пакуль дзяўчынкі-анёлы віншавалі новага амбасадара Францыі, да моладзі далучыліся Аляксандр Мілінкевіч і яго жонка Іна Кулей. Вось што гаворыць экс-кандыдат у прэзідэнты пра мэты акцыі і пра ўмовы, у якіх яна праходзіць:

“Я хачу дамагчыся, каб на Беларусі была Свабода. А яна пачынаецца з такіх акцыяў. Калі моладзь хоча проста прайсці па вуліцах і павіншаваць людзей са святам. У чым жа тут крымінал? А ён у тым, ўто ўлада панічна баіцца. Вось выставіла гэтых хлапцоў у чорным.

Страх нават паказаць дакументы – хто яны і што яны. Хачу самыя цёплыя словы сказаць Еўропе, якая сапраўды шчыра нас падтрымлівае.

Многія кажуць, што трэба ісці ў падполле. Канешне, менш будзе ахвяраў. Але ж мы мусім паказаць, што ня трэба баяцца. менавіта дзеля гэтага моладзь і выходзіць.”


Пасля натоўп рушыў па праспекце Незалежнасці на вуліцу Захарава, да нямецкай амбасады. Па дарозе да маладафронтаўцаў далучалася ўсё больш людзей. Колькасць святкуючых узрасла да 100-120 чалавек.

Нечакана “людзі ў чорным” вырвалі адзін са сцягоў з рук сталага чалавека, паламаўшы вуду, на якой ён трымаўся. Цікава, што ніхто з актывістаў, якія ішлі ў калоне, гэтага не заўважыў. Расказвае ўладар страчанага сцяга:

“Яны сваіх, як кажуць, янычараў накінулі на гэты сцяг. Але ж не перамаглі. Яны проста паказалі, што вельмі слабыя духам, і перамога будзе за моладзю”

Каля амбасады Нямеччыны выйшла замінка. Напэўна, арганізатары акцыі забыліся папярэдзіць амбасаду пра свой візіт, і да актывістаў выйшаў толькі вартаўнік, які гаварыў выключна па-нямецку. Павіншаваўшы яго з дапамогай перакладчыка, людзі пайшлі да амбасады Злучаных Штатаў.

Па дарозе, дарэчы, былі затрыманы арганізатары акцыі Барыс Гарэцкі і Сяржук Гумінскі. Пасля вандровак па вуліцах да амерыканскай амбасады дайшлі не больш за 40 чалавек. Атрымаць віншаванні ад моладзі выйшаў намеснік амбасадара.

Пасля кароткага выступа актывісты спакойна дайшлі да метро і раз’ехаліся па дамах.
Як своеасаблівы вынік акцыі, можна прывесці словы даволі сталага чалавека, які таксама ўдзельнічаў у святкаванні Дня ўсіх закаханых:

"Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што бел-чырвона-белы сцяг мае вялізную сілу, вялізны ўплыў на людзей. А гэтыя пачвары ў цывільным баяцца не толькі сцяга, але і саміх беларусаў. Менавіта таму 25-га сакавіка мы ўсе як адзін выйдзем пад гэтымі сцягамі і ўжо не дадзім іх зламаць".

Разам з удзельнікамі акцыі па мінскіх вуліцах вандраваў Зміцер Траўчук, Еўрапейскае радыё для Беларусі


Фота — www.nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі