Мінскі праграміст размясціў на сайце экс-працадаўцы пералік эратычных тавараў

Мінскі праграміст размясціў на сайце экс-працадаўцы пералік эратычных тавараў

Пракуратура Партызанскага раёна Мінска накіравала ў раённы суд крымінальную справу на 27-гадовага праграміста, які здзейсніў шэраг злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў намеснік пракурора раёна Іван Макараў.

Малады чалавек працаваў спецыялістам па інфармацыйнай тэхналогіі ў адной са сталічных арганізацый. Пры звальненні ён не змог дамовіцца з наймальнікам наконт якасці зробленай працы і аплаты за яе. Хлопец вырашыў адпомсціць і сёлета ў красавіку са свайго хатняга камп'ютара ўзламаў сайт былога працадаўцы.

Па словах намесніка пракурора, праграміст выдаліў з сайта таварную базу і прайс-лісты тавараў. На іх месцы хлопец размясціў фальшывую інфармацыю з пералікам тавараў эратычнага зместу — нібыта, арганізацыя займаецца іх продажам.

Фірма дволі хутка змагла выправіць наступствы "дыверсіі". Але дзеянні праграміста прынеслі значную шкоду дзелавой рэпутацыі арганізацыі. 

Хлопца вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу — несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў камп'ютарнай сістэме, што суправаджаецца парушэннем сістэмы абароны, учынены з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці; змена інфармацыі, якая захоўваецца ў камп'ютарнай сістэме, ўнясенне заведама ілжывай інфармацыі, што пацягнула істотную шкоду, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай сістэмы; наўмыснае блакаванне і знішчэнне камп'ютарнай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай сістэме.

Малады чалавек цалкам прызнаўся ў здзесненых злачынствах. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі