Мінскі дражджавы завод спыніў працу, таму што сыравіну прадалі за мяжу

Мінскі дражджавы завод спыніў працу. Прычынай гэтаму стала адсутнасць сыравіны. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў генеральны дырэктар “Дражджавога камбінату” Іван Шакола. “Цукровыя камбінаты, узгадніўшы з канцэрнам “Белдзяржхарчпрам”, прадалі мелес на экспарт і не далі на мінскі завод, хоць у нас дамова з імі да 1 верасня. Цяпер завозяць французскія дрожджы”.

Іван Шакола звязвае гэтае рашэнне з пераносам завода за межы горада і магчымай адстаўкай яго кіраўніцтва.

“Завод павінны выносіць за межы горада. Шмат жадаючых паўдзельнічаць у гэтым. Таму некаму хацелася б змяніць тут кіраўніцтва. Гэта доўгая песня”.

Дырэктар камбіната адзначыў, што спыніўся толькі мінскі завод. Прадпрыемства ў Ашмянах працягвае забяспечваць Гродзенскую вобласць сваёй прадукцыяй.

Каментуючы сітуацыю агенцтву БелаПАН, памочнік старшыні "Белдзяржхарчпрама" Васіль Грыбоўскі паведаміў, што ёсць рашэнне гаспадарчага суда аб пачатку працэдуры банкруцтва "Дражджавога камбінату", прызначаны антыкрызісны кіраўнік.

Наступнае пасяджэнне суда прызначана на 22 жніўня. З гэтым і звязана адсутнасць паставак сыравіны на прадпрыемства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі