Мінская міліцыя перасаджваецца на ровары

Пакуль што міліцыя часцей не на роварах / Еўрарадыё
Пакуль што міліцыя часцей не на роварах / Еўрарадыё

У бліжэйшыя дні мінская міліцыя атрымае 10 ровараў для патрулявання горада. Іх патрульна-паставой службе падорыць пракатная кампанія. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.

Да 2008 года ў склад мінскай міліцыі ўваходзіў кавалерыйскі ўзвод. Конныя міліцыянты займаліся аховай парку Чалюскінцаў, Мінскага мора і іншых зонаў адпачынку. Але ўтрымліваць коней было складана і эканамічна нявыгадна, распавядаў Аляксандр Барсукоў, тады — начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС, цяпер — намеснік міністра ўнутраных спраў.

Акрамя таго, конь можа быць непрадказальным і небяспечным, працягваў Барсукоў. На шумным масавым мерапрыемстве ён можа спалохацца і траўмаваць сябе, вершніка і навакольных людзей. Таму яшчэ ў 2008 годзе сілавікі зрабілі выбар на карысць ровараў і скутараў. На якіх, зрэшты, іх нячаста можна было ўбачыць.

Працягваючы двухколавую тэму, Аляксандр Дараховіч распавёў, што ў Мінску працягваюць наносіць на тратуары "жоўтыя куточкі" — месцы для паркоўкі шэрынгавых ровараў. Яны ўжо з'явіліся ў Ленінскім, Партызанскім і Цэнтральным раёнах, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі