Міністры маскі не носяць, а замест лекаў ужываюць часнык

Еўрарадыё даведалася, якім чынам засцерагаюцца ад грыпу чыноўнікі міністэрстваў ды іншых дзяржаўных устаноў Днямі міністр аховы здароўя Васіль Жаркоў прызнаўся журналістам, што ніякіх спецыяльных мер, каб засцерагчыся ад грыпу, не прымае. Да прыкладу, ахоўную маску не носіць. Міністр спадзяецца на добры стан здароўя і вядзе здаровы лад жыцця.

Еўрарадыё даведалася, як засцерагаюцца ад захворвання як на звычайны, так і на “свіны” грып супрацоўнікі міністэрстваў ды іншых дзяржаўных устаноў.

Паводле слоў кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслава Раменчыка, усе супрацоўнікі цэнтральнага апарата штогод праходзяць планавую вакцынацыю. Сёлета ім таксама зрабілі прышчэпкі ад грыпу.

Вячаслаў Раменчык:
“У нас прышчэпкі планавыя. Я прайшоў. У нас увесь цэнтральны апарат зрабіў прышчэпку. Гэта штогод праводзіцца ў кастрычніку-лістападзе”.

Праўда, сказаць дакладна, ці прайшоў разам з усімі вакцынацыю і міністр абароны Леанід Мальцаў, кіраўнік прэс-службы не змог.

Вячаслаў Раменчык:
“Я за міністра не скажу, але ў нас увесь цэнтральны апарат сёлета да 14 лістапада павінен прайсці прышчэпкі”.

Сам Вячаслаў Раменчык ахоўную маску не носіць. Не бачыў ні разу ў такой масцы і міністра абароны. І ўвогуле лічыць, што ніякай эпідэміі грыпу няма — таму трэба не панікаваць, а весці здаровы лад жыцця і піць вітаміны.

Не носяць маскі і супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю. Згодна са словамі кіраўніка прэс-службы Кірыла Данілава, няма ў іх і планавых прышчэпак, як у Мінабароны. Не распрацоўвалася і ведамасная рэкамендацыя наконт таго, як засцерагацца ад захворвання.

Кірыл Данілаў:
“Афіцыйна ніякага распараджэння альбо рэкамендацыі не было. Кожны выконвае меры перасцярогі і займаецца прафілактыкай. Часта мыем рукі, праветрываем памяшканне”.

Прышчэпку Кірыл Данілаў не рабіў. Ці прышчэпліваўся кіраўнік камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць, ён не ведае, але, да прыкладу, у масцы, кажа, яго ні разу не бачыў.

Не рабіў сёлета прышчэпку і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей. Чыноўнік грыпу не баіцца, бо карыстаецца "народнымі сродкамі":

Уладзімір Макей: "Прышчэпак я не раблю. Рабіў раней, але ўжо трэці год без іх. Адчуваю сябе спакойна. Ёсць жа правераныя народныя сродкі: часнык, лук... Абавязкова праветрыванне памяшканняў. Спорт. Вось гэтага я прытрымліваюся".

Не давала ніякіх рэкамендацый сваім супрацоўнікам і кіраўніцтва Нацыянальнага банка. Кіраўнік прэс-службы Міхаіл Журавовіч сцвярджае, што ніхто з супрацоўнікаў не прыходзіць на працу і не сядзіць у кабінеце ў масцы. І па аптэках не бегае, скупляючы лекі. Прычым, не робяць гэтага ні шэраговыя супрацоўнікі Нацбанка, ні яго старшыня Пётр Пракаповіч.

Міхаіл Журавовіч: “Нічога такога ў нас няма. Я нікога са сваіх супрацоўнікаў не бачыў, каб з будынка выходзіў ці заходзіў у яго ў масцы. Традыцыйна, як раней, хаджу на працу, ніякіх масак, і ў аптэкі не хаджу. І Пётр Пятровіч гэтак сама”.

Ніхто не носіць масак і ў адміністрацыйным будынку Дзяржаўнага памежнага камітэта. І старшыню памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага ў ахоўнай павязцы кіраўнік прэс-службы Аляксандр Цішчанка ні разу не бачыў.

Аляксандр Цішчанка: “Калі бываю ў яго на дакладзе альбо на прыёме, то маскі не бачыў. У нас у адміністрацыйным будынку Памежнага камітэта ў масках не ходзяць. Бо маскі рэкамендаваныя тым, хто працуе са знешнімі кантактамі”.

А гэта шэраговыя супрацоўнікі камітэта, якія нясуць службу далёка ад мінскага адміністрацыйнага будынка, і ўступаюць у непасрэдны кантакт з людзьмі на мяжы. Вось ім, кажа кіраўнік прэс-службы, рэкамендавана насіць маскі.

Аляксандр Цішчанка: “Супрацоўнікі памежнага кантролю непасрэдна кантактуюць з людзьмі, таму яны выкарыстоўваюць маскі ў першую чаргу. І іншыя прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца дзеля таго, каб засцерагчы супрацоўнікаў ад заражэння”.

Што гэта за дадатковыя мерапрыемствы, ён не ўдакладніў. Але прышчэпак гэта не тычыцца. Паводле слоў Аляксандра Цішчанкі, гэтае пытанне рашаецца, але дакладна на гэты конт ён нічога пакуль сказаць не можа. Сам жа дзеля прафілактыкі ўжывае цыбулю, часнык і лімон.

Даведацца, як засцерагаюцца ад грыпу прыбліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі асобы, не атрымалася. Паводле слоў дзяўчыны, якая зараз дзяжурыць на месцы прэс-сакратара прэзідэнта Паўла Лёгкага, той цяпер знаходзіцца разам з кіраўніком краіны ва Ўкраіне. Яна ж адказваць на пытанні журналістаў не ўпаўнаважаная. Нават наконт таго, ці прымалі нейкія меры перасцярогі ад захворвання чальцы дэлегацыі перад паездкай у суседнюю краіну. Бо там ужо некалькі дзён як абвешчана эпідэмія грыпу.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі