Міністр Карпенка паведаміў, якой будзе рэформа адукацыі

Міністр адукацыі Ігар Карпенка паведаміў, як плануе мяняць сістэму адукацыі. Свае прапановы ён агучыў на рэспубліканскім педсавеце, які праходзіць 24 жніўня ў Мінску, піша tut.by

Карпенка прапаноўвае перайсці на абавязковую агульную сярэднюю адукацыю. Міністр лічыць, што ёсць "дзяржаўны запыт на адукаванага высокакваліфікаванага спецыяліста, ёсць патрэба і гатоўнасць да такога пераходу". 

Якасць адукацыі міністр прапанаваў вымяраць не вынікамі ЦТ або месцам у гімназіі. "Адукацыя павінна ацэньвацца па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня", — патлумачыў ён.

Таксама плануецца змяніць правілы паступлення ў гімназіі — прывязаць ях да прафілізацыі. "Прафілізацыю варта звязваць не з уступнымі выпрабаваннямі ў 5-ы клас гімназіі, а са свядомым выбарам прафесіі, магчыма, у больш старэйшым узросце. Сёння на практыцы навучанне ў гімназіі — гэта не выбар вучня, а амбіцыі бацькоў. Напрыклад, сітуацыя гэтага года: здаўшы ўсе іспыты на 9 балаў, вучань не паступае ў гімназію. Такі стрэс нічым не апраўданы", — заявіў міністр. На яго думку, агульнаадукацыйная школа мае такое ж права на далейшае навучанне адораных матываваных навучэнцаў, як гімназіі ці ліцэі. 

Карпенка прапанаваў разам з педагогамі-практыкамі выпрацаваць крытэрыі такога адбору. Гэта будзе адпавядаць і прынцыпам сацыяльнай справядлівасці, і роўнадаступнай агульнай сярэдняй адукацыі, што гарантуецца нашым заканадаўствам, а не элітарнасцю, якая намецілася ў нашай адукацыі.

На ўзроўні ПТВ мяркуецца пакінуць адзін від установы адукацыі — каледж.

На ўзроўні вышэйшай адукацыі плануецца ўвесці бакалаўрыят, які будзе выпускаць спецыялістаў, і магістратуру. У медыцыне, ядзернай энергетыцы навучанне застанецца ранейшым — бесперапынныя 5-6 гадоў.

Удасканальвацца будуць і правілы прыёму ў ВНУ, бо цяпер ёсць пэўная неадпаведнасць паміж сярэднім балам атэстата і вынікамі ЦТ. На некаторыя спецыяльнасці пры паступленні ў ВНУ, кажа міністр, будуць праводзіцца гутаркі, а на іншыя ўвядуць дадатковыя ўнутраныя экзамены. 

У якасці выпускнога іспыту за 11 класаў прапануецца праводзіць комплексны агульнаадукацыйны тэкст.

Усе школы павінны быць аснашчаныя высокахуткасным інтэрнэтам.

У кантракты Карпенка прапаноўвае ўнесці абавязак настаўніка інфармаваць наймальніка пра тое, што ён займаецца рэпетытарствам.