Мінгарвыканкам не дазволіў шэсце на Дзень Волі

Мінгарвыканкам не дазволіў шэсце на Дзень Волі

Мінгарвыканкам не дазволіў правесці шэсце на Дзень Волі. Пра гэта інфармуе pyx.by са спасылкай на аднаго з заяўнікаў — сябра руху "За Свабоду" Алеся Русевіча.

Чыноўнікі гарвыканкама прызнаюць, што 6 студзеня атрымалі ліст пад назвай "Абавязальніцтвы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)". Разам з тым яны заявілі, што заяўнікі не перадалі ўласна саму заяву на правядзенне масавага мерапрыемства ды іншыя дакументы, якія патрабуе заканадаўства.

"Звяртаем увагу, што вамі парушаны арт. 8 Закону, у адпаведнасці з якім арганізатары масавага мерапрыемства, а таксама іншыя асобы да атрымання дазволу на яго правядзенне не маюць права аб’яўляць у СМІ, глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт альбо іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай лістоўкі, плакаты і іншыя матэрыялы", — гаворыцца ў адказе Мінгарвыканкаму.

З гэтай нагоды шэсце не дазволенае.

Заяўнікі акцыі кажуць, што перадалі ў Мінгарвыканкам увесь пакет дакументаў. 6 студзеня заяўку і абавязацельствы заяўнікаў перадаў у выканкам Ягор Віняцкі.

На думку старшыні руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча, чыноўнікі адмыслова "згубілі" дакументы. "Чыноўнікі апошнім часам пазбягаюць кантактаваць з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакументы у агульнай скрыні ля ўваходу", — дадаў палітык.

Заяўнікі меркавалі 25 сакавіка прайсці шэсцем ад Акадэміі навук да сквера Янкі Купалы. Мітынгу не планавалася. Заяўнікі разлічвалі атрымаць дазвол на шэсце, бо толькі мітынгі і пікеты дазволеныя на плошчы Бангалор.

Заяўку на акцыю падавалі прадстаўнікі чатырох арганізацыяў — руху "За Свабоду", а таксама АГП, Партыі БНФ і аргкамітэта БХД.

Мінгарвыканкам не дазволіў шэсце на Дзень Волі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі