Мінчук адстаяў у чарзе па абанемент у басейн шэсць гадзін (відэа)

Мінчук адстаяў у чарзе па абанемент у басейн шэсць гадзін (відэа)

Шэсць гадзінаў прастаяў у чарзе па абанемент у басейн мінчук Аляксей, бацька першакласніка. Аднак безвынікова, адзначае TUT.by. 

Дзіця Аляксея пайшло сёлета ў першы клас школы №1. Абанементы ў басейн пры гэтай школе дарагія, таму бацька знайшоў альтэрнатыву — пры школе №204 на вуліцы Яна Чачота, 18. На сайце школы ён пабачыў, калі будуць прадавацца месячныя абанементы. 

"Я прыехаў прыкладна за гадзіну, у дзевяць раніцы. Мяне папярэдзілі, што там можа быць чаргу, але я не чакаў, што ўсё настолькі дрэнна. У чарзе стаяла прыкладна 300 чалавек", — кажа мінчук. Па словах Аляксея, некаторыя людзі дзяжурылі нават ноччу.

Пасля шасці гадзінаў стаяння ў чарзе мужчына сышоў. У продажы да таго часу заставаліся толькі абанементы на суботу, якія яго сыну не пасуюць.

Мінчук бачыць прычыну такой чаргі ў тым, што ў касе працаваў адзін чалавек, яму дапамагаў завуч. Людзей запісвалі ўручную, чэкі прабівалі па касе. На рукі выдавалі да трох абанементаў.

Аднак дырэктар школы №204 Віталь Васілеўскі тлумачыць вялікую чаргу запісам у групы да інструктараў: "Такое бывае толькі раз на год і не толькі ў нашай школе. Бацькі стаялі ў чарзе, каб запісаць дзетак у новыя плавальныя групы да інструктараў. У нас было толькі 20 групаў, сёння стала 35. Басейн пачаў працаваць яшчэ і ў нядзелю".

Да таго ж, кажа дырэктар, зачыніліся два бліжэйшыя басейны. А ў басейне пры школе №204, маўляў, самыя нізкія кошты па ўсім Мінску — пяць рублёў за сеанс (шэсць — для дарослых).

"Усе, хто хацеў атрымаць абанементы, іх атрымалі. Людзі, якія прыходзілі ў дзве гадзіны дня, атрымлівалі іх у пяць. Мы задаволім патрэбы ўсіх жадаючых, абанементаў яшчэ дастаткова", — супакойвае дырэктар. Па яго словах, купіць абанементы у басейн на наступны месяц можна ў любы час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі